Незалежна ад нашага семейнага статусу, побач з намі заўсёды ёсць людзі, якія нявольна дзеляць з намі частку праблем. Гэтыя людзі - нашы суседзі. Усе мы церпім ад праблем з ацяпленнем, газам і электрычнасцю, ад нашэсця пацукоў і прусакоў, ад капітальнага рамонту і яго адсутнасці. Як і навошта камунікаваць людзям, у якіх часта няма нічога агульнага, акрамя бытавых праблем, у падкасце «Утульны горад» пагаварылі з эксперткай па супольнасцях Наталляй.
Як знаёміцца з суседзямі, слухай у новым выпуску падкаста «Утульны горад». Або чытай у скароце асноўныя тэзісы размовы ніжэй.
Пра што гаворка ў гэтым выпуску падкаста «Утульны горад»?
- Чаму хтосьці ведае сваіх суседзяў і суседак, а хтосьці - не?
- Навошта пячы пірог, калі пераязджаеш?
- У якія моманты суседзі і суседкі аб’ядноўваюцца?
- Як мадэраваць бурлівыя дыскусіі ў двары?
- Ці варта ісці знаёміцца, калі людзей палохае грукат у дзверы?
Чаму недзе суседзі знаёмыя, а недзе — не?
У розных шматкватэрных будынках існуюць розныя традыцыі ўнутранай камунікацыі. Недзе суседзі маюць агульны чат, дзе вырашаюць пытанні, рэгулярна стасуюцца нефармальна і нават дзеляцца мемамі. Іншыя сустракаюцца толькі на дамавых зборах і не вельмі памятаюць, як каго завуць. Бываюць і такія выпадкі, калі суседзі ўвогуле незнаёмыя паміж сабой і не маюць імкнення гэта выправіць. Ад чаго гэта залежыць?
Наталля лічыць, што галоўная прычына — наяўнасць ці адсутнасць агульнай мэты. Калі ў кагосьці з суседзяў і суседак узнікае імкненне паставіць лаўкі ля пад’езда, перарабіць дзіцячую пляцоўку, пафарбаваць сцены ў пад’ездзе, то ён вымушаны шукаць аднадумцаў у іншых кватэрах. Калі прапанова знаходзіць водгук, суседзі і суседкі аб’ядноўваюцца і пачынаюць сумесныя дзеянні. У такой сітуацыі цяжка не пазнаёміцца, не завесці агульны чат і традыцыю рэгулярна сустракацца.
Бываюць сітуацыі, калі людзі адначасова засяляюцца ў новапабудаваны жытловы комплекс, адразу ўтвараюць чаты і там знаёмяцца. Аднак у чатах саміх па сабе няма асаблівай карысці, калі людзям не даводзіцца рабіць сумесных дзеянняў.
Калі суседзі знаёмяцца
Месцамі, дзе людзі знаёмяцца, звычайна бываюць дзіцячыя пляцоўкі ці месцы для выгулу сабак. Аднак тыя, хто не мае сабак і дзяцей, зноў становяцца выключанымі з гэтага супольнага жыцця. У ідэальнай сітуацыі ў жытловых комплексах ёсць нейкія грамадскія прасторы, дзе ўсе могуць бавіць час і знаёміцца. А калі такіх прастор няма, то няма і прасторы для нефармальных знаёмстваў.
Чытайце таксама: «Бона» ператварылася ў «Мир»: збіраюць заяўкі на кватэры ў ЖК на Магістральнай
Калі так здарылася, што вы незнаёмыя з суседзямі і суседкамі, і ў двары няма альтанкі, дзе ўсе могуць сабрацца ўвечары, то гэта не праблема сама па сабе. Канешне, на выпадак надзвычайнай сітуацыі лепей ведаць, як звязацца з людзьмі побач з вамі. Аднак звычайна, пакуль у вас не з’яўляецца агульнай праблемы, вам не асабліва і патрэбныя знаёмствы з суседзямі. Калі ж у вас узнікла нагода для абʼяднання, варта пачынаць актыўныя дзеянні.
Агульная праблема — рэлевантная прычына для знаёмства. Калі вы даведаліся імя вашых суседзяў і суседак, можна запытацца, ці турбуе іх увогуле тое, што падаецца праблемай вам. Хутчэй за ўсё высветліцца, што турбуе і не толькі гэта.
Слухайце таксама: Дваравыя чаты і супольнасці: як не пасварыцца і выжыць?
Калі на абмеркаванне самай тэрміновай праблемы збярэцца ўвесь дом, файна было б мець спецыяліста ці спецыялістку па камунікацыі ў супольнасцях. Абмеркавання якіх-кольвек праблем даволі часта становіцца месца сутыкнення розных каштоўнасцяў. Таму варта мець асобу, якая мадэруе працэс дыскусіі, каб не адыходзіць ад тэмы і пачуць адно аднаго.