Новы гастрабар “Брудэршафт” адкрыўся ў будынку, дзе шмат гадоў працавала музычная крама “ШоўТайм”. У Instagram установы бар прадстаўляюць як “месца, дзе кожны знойдзе нешта на свой густ і атрымае незабыўныя ўспаміны”.
Бар адкрыўся па адрасе вул. Горкага, 64. Там прапануюць аўтарскія кактэйлі, кухню “як дома” і адпачынак пад жывую музыку ці ды-джэя. Таксама там хутка з’явяцца аўтарскія настойкі., удакладняе Newgrodno.by.
Акцэнт ва ўстанове робяць на еўрапейскую кухню і вялікія порцыі па сярэдніх для горада коштах, распавялі ў гастрабары.
З фірмовых страваў – шніцаль «Брудэршафт» з яйкам, бульбянымі дзелькамі і квашанай капустай, усё разам – на паўкіло, і салат “Брудэршафт”. Таксама на гарачае прапануюць курынае сцягно ў мядовым соусе з бульбай, стейк рыбай ці чырвоную рыбу з гароднінай, кебаб. Асобных прапаноў для вегетарыянцаў няма.
У памяшканні 35 пасадачных месцаў. Увесну плануюць адкрыць тэрасу на вуліцы.

Чытайце таксама: Чарговы гастрафэст пройдзе ў Гродна: за 38 рублёў пададуць фірмовыя стравы. Хто ўдзельнічае? (абноўлена)











