Паміж плошчай Леніна і плошчай Тызенгаўза ў Гродне, ля гарвыканкама, стаяў знак з паказальнікамі накірункаў да гарадоў-пабрацімаў Гродна. У лістападзе 2023 з яго знялі ўсе шыльды. Актывістка Вольга Бондарава парадавалася, што гэта перамога над беларускай лацінкай. Але насамрэч лацінка на тых шыльдах не выкарыстоўвалася.
Са словаў Бондаравай, Гродна «день за днём неустанно избавляется от кабальной пшэцко-чешской лацинки, навязанной государству „хорошо работающими, без нареканий“ заднеприводными прислужниками наших западных недопартнёров». Цытата ўзятая з канала актывісткі без змен.
Аднак, калі прыгледзецца да фота знятых паказальнікаў, то добра бачна, што лацінкі там і не было. Гэта быў адзін з варыянтаў расійкага трансліту.
Напрыклад, на знаках было напісана «Shchukino District», «Cheboksary» і «Khimki» — гэта цалкам згодна з сістэмай, якую ўвялі ў красавіку 2023 года замест беларускай лацінкі. На правільнай беларускай лацінцы гэта выглядала б «Ščukina», «Čebaksary» і «Chimki».
«Благодарим за очищение города всех причастных. Ну, Вы знаете, о ком я», — напісала Бондарава. Атрымліваецца, яна дзякуе за тое, што прыбралі расійскія ўплывы.
Транслітарацыю замест лацінізацыі для перадачы геаграфічных назваў увялі ў Беларусі пастановай ад 4 красавіка 2023 года. Раней геаграфічныя назвы лацінізаваліся з беларускай мовы. Напрыклад, «Шчучыншчына» раней лацінізавалася ў Ščučynšnčyna, а цяпер транслітаруецца ў Shchuchynshchyna. Таксама зараз можна транслітараваць беларускія назвы з расійскай мовы, што раней не практыкавалася.
Куды маглі знікнуць паказальнікі?
На паказальніках частка надпісаў была па-беларуску, напрыклад «Лімож», «Беласток» ці «Ранча Кардова». Магчыма, дэмантаж звязаны з гэтым. Таксама не выключана, што ўсе турыстычныя шыльды ў горадзе хочуць стандартызаваць і прывесці да агульнага выгляду. У кастрычніку так ужо знікла частка турыстычных паказальнікаў, выкананых на беларускай і англійскай мовах, а таксама, часткова, беларускай лацінкай.