Дакументы на лічбавыя шэнгенскія візы можна будзе падаваць анлайн на адмыслова створанай для гэтага платформе. Замест звыклай візавай налепкі ў пашпарт будуць ставіць штрых-код з крыптаграфічным подпісам.
На інтэрнэт-платформе заяўнікі змогуць уводзіць усе неабходныя дадзеныя, загружаць электронныя копіі сваіх пашпартоў, праязных і пацвярджальных дакументаў, а таксама аплачваць візавыя зборы. Асабістая падача дакументаў у консульства спатрэбіцца толькі тым, хто атрымлівае шэнгенскую візу ўпершыню, людзям, чые біяметрычныя дадзеныя больш не сапраўдныя, і людзям з новым, чыстым пашпартам.
Новыя правілы афармлення шэнгенскіх віз Савет Еўрасаюза ўхваліў 13 лістапада. Яны павінны спрасціць працэс падачы заяў для падарожнікаў і зменшыць нагрузку на нацыянальныя адміністрацыі, якія змогуць рэагаваць больш хутка і эфектыўна, лічыць выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Іспаніі Фернанда Грандэ-Марласка Гомес.
Калі пачнуць выдаваць шэнгенскія візы анлайн
Пасля падпісання рэгламентаў, якія вызначаюць змены па лічбавых шэнгенскіх візах, іх апублікуюць у Афіцыйным часопісе Еўрапейскага саюза. Яны набудуць сілу на дваццаты дзень пасля публікацыі.
Дата пачатку ўжывання новых правіл залежыць ад тэрмінаў завяршэння тэхнічнай працы над платформай і лічбавай візай. Раней паведамлялі, што гэта можа адбыцца ў 2026 годзе, піша Officelife.
Хто дае «шэнген» беларусам
На пачатку восені ў топе краін па хуткасці падачы, станоўчым адказам і прастаце запісу на візы для беларусаў былі Італія, Грэцыя, Германія, Венгрыя і Польшча. У Францыю і Іспанію запісацца складана, да таго ж, візавы цэнтр Іспаніі ў Мінску прыпыніў прыём дакументаў, а тэрмін разгляду дакументаў павялічылі. На шэнген ад Грэцыі нескладана падацца, але вялікі адсотак адмоваў. Колькасць адабрэнняў там падае разам з завяршэннем турыстычнага сезону. Чарга на падачу ў пасольства Германіі была да мая 2024 года.
Гасцявыя візы беларусам часцей за ўсё ставяць у Нямеччыне, Італіі і Польшчы. Польшча афармляе гасцявыя візы і катэгорыі С, і катэгорыі D. Зрабіць запрашэнне могуць як сваякі, так і сябры. У Італіі і Германіі яго не трэба рэгістраваць у профільных дзяржаўных органах.
Турыстычныя візы ў Польшчу афіцыйна пачалі выдаваць з верасня 2023 года, але запісацца на падачу практычна немагчыма, а візавыя эксперты фіксуюць вялікую колькасць адмоў.
Чытайце таксама: