Для рэалізацыі праектаў-пераможцаў конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў «Дзейнічаем разам» у 2024 годзе выдзеляць каля 300 тысяч рублёў. Грошы возьмуць з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў.
Такі конкурс праходзіў год таму. Тады эксперт пракаментаваў, што гэта неверагодна прагрэсіўна для Беларусі і падобна да бюджэту грамадзянскага ўдзелу, які існуе ў Польшчы.
«Конкурс грамадзянскіх ініцыятыў арганізуецца для таго, каб людзі на месцах маглі вылучыць свае прапановы па добраўпарадкаванні аграгарадкоў і вёсак, двароў, сквераў, дзіцячых і спартыўных пляцовак, іншых грамадскіх месцаў у вёсцы і ў горадзе, і не толькі прапанаваць ідэю, але і самім прыняць самы актыўны ўдзел у яе распрацоўцы і рэалізацыі, — цытуе БелТА старшыню абласнога Савета дэпутатаў Алену Пасюту. — Няхай гэта будуць не самыя буйныя аб’екты, але яны будуць знаходзіцца ў крокавай даступнасці для жыхароў гэтых населеных пунктаў. Гэта будуць мясцовыя ініцыятывы, народжаныя людзьмі і для людзей, і ў гэтым іх каштоўнасць».
У выніку леташняга конкурса рэалізавалі 14 праектаў. Сярод іх — дзіцячая пляцоўка ў Гожы, якую даўно хацелі ўладкаваць мясцовыя жыхары, трэнажорны комплекс для дзяцей і дарослых у Карэлічах, спартыўная пляцоўка ў Новадзевяткавіцкай СШ у Слонімскім раёне.
Пры гэтым масавая ліквідацыя грамадзянскіх арганізацый, якія часта вырашалі пытанні на мясцовым узроўні, разгорнутая пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, не спыняецца.
Правілы і ўмовы ўдзелу ў новым конкурсе
Удзельнічаць у конкурсе могуць паўналетнія жыхары Гродзенскай вобласці. На прэзентацыі праекты можна будзе прадставіць і ў мультымедыя-фармаце. Падрабязна палажэнне аб правядзенні конкурсу апублікавана ў «Гродзенскай праўдзе».
Кожны праект грамадзянскай ініцыятывы будуць ацэньваць зыходзячы з:
- яе абгрунтаванасці - актуальнасці ідэі, лагічнай сувязі паміж ідэяй і задачамі па яе ўвасабленні, прадуманасці і паслядоўнасці дзеянняў для рэалізацыі ініцыятывы і адпаведнасці запланаваных мерапрыемстваў асноўнай ідэі. Калі большасць сябраў камісіі вырашыць, што абгрунтавання няма, ініцыятыву здымуць з конкурсу;
- чаканага сацыяльнага, эканамічнага і экалагічнага эфекту ад рэалізацыі ініцыятывы;
- завершанасці - ці з’яўляецца вынік рэалізацыі канчатковым або прамежкавым этапам для выніку ў будучыні;
- навізны (інавацыйнасці);
- накіраванасці на паляпшэнне якасці жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі;
- магчымасці вырашыць найбольш вострыя сацыяльныя праблемы, раней не вырашаныя мясцовымі органамі кіравання і самакіравання па зваротах грамадзян.
Праекты можна дасылаць у пісьмовым выглядзе на адрас: 230 023, г. Гродна, вуліца Ажэшкі, 3, у электронным выглядзе — на e-mail: [email protected] (з паметкай у тэме ліста «Праект грамадзянскай ініцыятывы»). Да праекту трэба прыкласці заяўку з кантактамі і дадзенымі ініцыятара (прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, месца пастаяннага пражывання).
Папярэдне праекты разгледзіць спецыяльная камісія, створаная ў абласным Савеце дэпутатаў. Праекты, якія прайшлі першы адбор, адправяць у Гродзенскую абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў для адкрытага конкурсу. У конкурсную камісію ўвойдуць прадстаўнікі асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, абласнога савета, Гродзенскага аблвыканкама, прадстаўнікі іншых дзяржарганізацый і незалежныя эксперты (з іх згоды).
Як размяркуюць сродкі
Калі паступіць толькі адзін праект, конкурс прызнаюць неадбыўшымся. У выніковым пратаколе па кожным праекце пазначаць прапанаванага выканаўцу (пры наяўнасці), агульны аб’ём фінансавання, неабходнае фінансаванне з бюджэту і суфінансаванне ад ініцыятара або іншых зацікаўленых асоб.
Калі выдзеленых бюджэтных сродкаў будзе столькі ж або больш, чым трэба для праектаў з выніковага пратакола конкурсу, пераможцамі прызнаюць усе праекты, якія ў яго ўвойдуць. Калі менш — возьмуць праекты з найбольшай колькасцю балаў, якія ўпісваюцца ў вылучаную суму.