З унутранага боку ўваходных варот сядзібы «Літоўка» размешчаны паўмесяц і зорка — сімвал, які лічыцца «ісламскім». Над імі размяшчаецца праваслаўны крыж. Гэта можна расцэньваць як перамогу хрысціянства над ісламам — таму сімволіку трэба прыбраць. Так адказаў Гродзенскі аблвыканкам на ліст Вольгі Бондаравай.
Ліст аб неабходнасці прыбраць дэкор накіравалі і ўладальніку «Літоўкі». Яго трэба выдаліць «у мэтах выключэння нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або варажнечы», і каб гаспадары не здаваліся ісламафобамі.
Уладальніку таксама не трэба змяшчаць унутры і звонку будынкаў «збудаванні рэлігійнай і акультнай сімволікі» і малюнкі, якія выкарыстоўваюць рэлігійныя, нацыяналістычныя і экстрэмісцкія арганізацыі. Прычына — сімвалы маюць сэнсавую нагрузку, якая можа адрознівацца ад той, якая ўкладаецца ў іх дызайнерамі сядзібы.
«А ЛГБТ-вясёлка, скульптура цела жанчыны, умантаванага ў стойку ў бары, хай застаюцца. Іх жа не патрактуеш як ісламафобію. І постаць Ліліт на ўваходзе на тэрыторыю аб’екта — таксама не», — раcхвалявалася Вольга.
Фэнтэзі-сядзіба «Літоўка»
Яе адкрыў Навагрудскі прадпрымальнік Сяргей Коваль. Ідэяй сядзібы якраз і было сумяшчэнне сімвалаў і знакаў розных культур і рэлігій. У лепшыя гады за выхадныя яе наведвалі да 4000 чалавек. Справа сутыкнулася са скандаламі: на сходы людзей мясцовыя жыхары скардзіліся ўладам. Уладальнік у 2019 годзе наклаў на сябе рукі. Пасля смерці Сяргея Коваля кіраўніцтвам сядзібы занялася яго дачка.
«Літоўка» працягвае працаваць
Бондарава спрабавала закрыць сядзібу «Літоўка». Па яе наводцы ў пачатку восені працу сядзібы правяралі Навагрудскі РАУС і Навагрудскі райвыканкам. Туды прыязджала рабочая група з прадстаўнікамі Міністэрства культуры, Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, а таксама Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Навагрудскі РАУС не знайшоў складу правапарушэння ў дзеяннях кіраўнікоў «Літоўкі». Праўда, прыйшлося змяніць тэкст экскурсіі, размясціць інфармацыйныя таблічкі і «апрануць» скульптуру. Для дзяцей увялі забарону на наведванне некаторых аб’ектаў.