Гродна стаў адным з цэнтраў прыцягнення ўнутранага турызму. Зараз замежнікі складаюць каля 30%, выручка турыстычных паслуг расце, але фокус свядома змянілі - на Расію.
Выручка вырасла на 20%
У мінулым годзе ў Гродзенскую вобласць прыехала каля 400 тысяч турыстаў, расказала намесніца начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева для «Беларусь сегодня». У гэтую колькасць увайшлі тыя, хто як мінімум спыняўся на начлег.
Беларусы сталі актыўней ездзіць па сваёй краіне пасля пандэміі. Унутраны турызм вырас на 20%. На столькі ж вырас экспарт паслуг. З тых, хто спыняецца ў гатэлях і адпачывае ў санаторыях, 27−30% складаюць замежнікі, падлічылі ва ўпраўленні спорту і турызму. У 2022 годзе экспарт турыстычных паслуг прынёс Гродзенскай вобласці больш як $ 12,8 мільёнаў, паведамляла Лідзяева раней.
У 2023 годзе больш за 37 тысяч турыстаў пабывалі на водных прагулках на Аўгустоўскім канале. У параўнанні з 2022 годам выручка вырасла на 20%. Папулярным быў таксама новы экалагічны маршрут па вузкакалейцы ў заказніку «Азёры».
Таксама турыстаў цікавілі Лідскі замак, экскурсіі на піваварны завод у Лідзе і на шклозавод, Навагрудскі, Карэліцкі, Шчучынскі раёны, праваслаўныя (у Зэльвенскім і Слонімскім раёнах) і каталіцкія (у Іўеўскім і Воранаўскім раёнах) храмы. Улетку турысты актыўна ездзілі ў заказнікі. У топ трапляюць аграсядзібы,
якія акрамя начлегу і ежы могуць прапанаваць майстар-класы, дэгустацыі і іншыя забаўкі. Замежнікам падабаецца беларуская кухня. І замежных, і ўнутраных турыстаў цікавяць беларускія традыцыі, абрады і музеі. З восенню цікавасць не падае: на лістападаўскія выхадныя ўжо складана нешта забраніраваць, месцы занятыя.
У 2022 годзе экспарт санаторна-курортных паслуг толькі за дзевяць месяцаў вырас на 204%. Большасць такіх адпачывальнікаў ужо тады былі турысты з Расіі.
«Санкцыі з таго боку»
У турыстаў з краін захаду гродзенскі рэгіён пачаў набіраць папулярнасць з 2016 года — з пачаткам дзеяння для іх бязвізавага рэжыму. На думку Таццяны Лідзяевай, «настроі не памяняліся», проста зараз замежнікі «не афішуюць» паездкі ў Беларусь.
Раней замежныя турысты ў асноўным падарожнічалі арганізаванымі групамі, а зараз да такіх людзей «улады з таго боку» ўжываюць «пэўныя санкцыі», сцвярджае Лідзяева. З-за гэтага яны пачалі ездзіць машынамі - з сем’ямі і сябрамі. Рэдакцыі Hrodna.life не ўдалося знайсці інфармацыі аб якіх-небудзь санкцыях да турыстаў у Беларусь ні ў польскіх, ні ў літоўскіх СМІ.
Прадстаўнікі турыстычнай і сумежных сфер таксама не згодныя з Лідзяевай. Увесну 2023 года ўласнікі кафэ прызнавалі, што колькасць гасцей з суседніх краін Еўропы параўнальна з 2019 годам зменшылася ў 10 разоў. Жыхары суседніх краін ЕС часцей прыязджаюць у Беларусь з эканамічнымі мэтамі, радзей — да сваякоў.
Замежнікаў Таццяна Лідзяева сустракае ў крамах: іх вабяць цана і якасць, а цікавяць — прадукты, адзенне, вырабы са шкла, абутак, паліва і торфабрыкеты. Папулярнасцю карысталіся медыцынскія паслугі: дыягностыка (МРТ, КТ, УГД), простыя аперацыі, стаматалогія, а таксама санаторыі. Апошнія — быццам бы асабліва ў краін Балтыі.
Расія ў прыярытэце
У перыяд, калі было больш турыстаў з Заходняй Еўропы, у Беларусі больш рыхтавалі гідаў-перакладчыкаў, перакладалі меню грамадскага харчавання, рэкламу і інфармацыйныя паказальнікі. Цяпер фокус маркетынгу зрушылі на Расію, прызнае Лідзяева.
«Аддаём перавагу расійскім тураператарам і супрацоўніцтву з рэгіёнамі РФ», — заявіла яна.
Чытайце таксама: