Навіны

У Беларусі хочуць пабудаваць 14 новых свінакомплексаў. Іх адходы могуць быць больш небяспечнымі, чым ртуць

У Беларусі плануюць пабудаваць 14 свінакомплексаў для забеспячэння мясаперапрацоўчай прамысловасці сыравінай. Свіння вырабляе ў восем разоў больш фекаліяў, чым чалавек. Іх трэба абясшкоджваць. У людзей, якія жывуць ля свінакомплексаў, адзначаюць падвышаны ціск і рэспіраторныя захворванні. Пра гэта распавядаюць эксперты з «Экадома».

Перспектывы развіцця свінагадоўлі

Па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі абвясцілі аб планах па пабудове 14 сучасных свінакомплексаў. Кожны — на 24 000 галоў. Пра гэта паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ. Міністр сцвярджае, што новыя тэхналагічныя комплексы дазваляюць дамагчыся лепшых прыбаўленняў пры зніжаных выдатках на кармленне. Вялікія свінакомплексы заменяць некалькі меншых, забяспечыўшы аптымальную колькасць пагалоўя для эфектыўнай вытворчасці.

Свіны гной — небяспечней за ртуць?

Любая інтэнсіўная жывёлагадоўля — гэта вялікая нагрузка на навакольнае асяроддзе, падкрэсліваюць у «Экадоме». Адна з асноўных праблем — гэта адходы, якія вырабляе велізарная колькасць свіней на свінакомплексе ў абмежаванай прасторы. Адходы свіней падобныя на адходы жыццядзейнасці чалавека, але кожная свіння вырабляе ў восем разоў больш фекаліяў, чым чалавек. Таму трэба рэгуляваць і абясшкоджваць гэтыя адкіды. Ключавую ролю ў будаўніцтве новых комплексаў граюць якасць ачысткі сцёкаў і наяўнасць біялагічнай абароны.

Паводле экспертаў, беспадсцілачны гной і памёт па ўзроўні хімічнага забруджвання навакольнага асяроддзя ў 10 разоў больш небяспечныя ў параўнанні з камунальна-бытавымі адходамі. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, яны з’яўляюцца фактарам перадачы больш за 100 відаў розных узбуджальнікаў хвароб жывёл і чалавека, а свежы свіны гной па таксічнасці параўнальны з ртуццю.

 — Сцёкі са свінафермаў могуць утрымліваць патагенныя мікраарганізмы, бактэрыі (часта ўстойлівыя да антыбіётыкаў) і цяжкія металы, якія могуць быць таксічнымі пры трапленні ў арганізм, — тлумачаць у «Экадоме». — Акрамя таго, адходы свінагадоўлі таксама спрыяюць забруджванню грунтавых вод нітратамі.

Даследаванні даказваюць, што гнаявыя сцёкі выклікаюць раздражненне слізістай абалонкі ў людзей, якія пражываюць у непасрэднай блізкасці ад свінакомплексаў або якія працуюць на іх, а таксама рэспіраторныя захворванні, павышаны стрэс, зніжэнне якасці жыцця, і павышэнне крывянага ціску.

Нязгода грамадскасці, экалагічная экспертыза, іскі

Беларусь мае вопыт барацьбы з праблемамі ў сферы свінагадоўлі. У 2014−2016 гадах у краіне ўжо праводзіліся мадэрнізацыя і рэканструкцыя свінакомплексаў. Аляксандр Лукашэнка даў дазвол на будаўніцтва двух вялікіх свінакомплексаў у Маладзечанскім раёне, кожны на 100 тысяч свіней у год. Гэта стала прычынай шэрагу праблем.

  • У адпаведнасці з рашэннем Мінсельгаса, калі свінакомплекс быў бы пабудаваны, то ўвялася б забарона на ўтрыманне свіней у хатніх гаспадарках у радыусе пяці кіламетраў ад комплексу. Гэта ўяўляла прамую пагрозу традыцыйнаму ладу жыцця жыхароў бліжэйшых вёсак.
  • Акрамя таго, праца свінакомплексаў негатыўна ўплывае на якасць паветра, а іх блізкае размяшчэнне да населеных пунктаў зрабіла б жыццё ў гэтых месцах невыносным.

Мясцовыя жыхары падчас грамадскіх абмеркаванняў не пагадзіліся з будаўніцтвам. У лістападзе 2014 года «Экадом» заявіў пра намер правесці грамадскую экалагічную экспертызу праектаў свінагадоўчых комплексаў. Яна была неабходная для аб’ектыўнай незалежнай ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Кампанія «Вялес-Міт» не дала неабходную інфармацыю для правядзення экалагічнай экспертызы. Таму «Экадом» падаў іск супраць яе. У студзені 2015 года кампанія-забудоўшчык заявіла ў судзе, што ў яе няма матэрыялаў для правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы, бо дакументацыя не была гатовая. Толькі праз год, ТАА «Вялес-Міт» прадаставіў праектную дакументацыю для правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы.

У выніку, намаганні па барацьбе з свінакомплексамі прынеслі частковы поспех: адзін з іх быў перамешчаны з вёскі Мойсічы ў раён Палачан. Пасля, хоць будаўніцтва свінакомплексаў суправаджалася пікетамі супраць іх стварэння ў 2016 годзе, абодва аб’екты ўсё ж былі завершаны і пачалі функцыянаваць.

А ці можна бяспечна разводзіць свіней?

 — Нам найбольш падыходзіць вопыт Даніі, якая займае 3-е месца ў свеце па вытворчасці свініны, у ёй каля 12 тысяч свінарнікаў па 600−900 галоў у кожным, — лічаць эксперты. — І ў гэтым уся сутнасць! Уся краіна раўнамерна пакрыта сеткай гэтых гаспадарак, і гэта ў асноўным сямейныя фермы. З аднаго боку, там людзі ў вёсках загружаныя працай, і з другога боку — прырода не нясе празмернай нагрузкі. Там на 600−900 свіней прыходзіцца 150−200 гектараў зямлі і такой колькасці раллі дастаткова для бяспечнай ўтылізацыі асветленых сцёкаў.

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Новым замку ў Гродне будзе рамонт: падлога руйнуецца, а на сценах расколіны і грыбок

У Гродне запланавалі бягучы рамонт авальнай залы ў Новым замку. Работы завершаць да канца снежня.…

9 лістапада 2024

У Гродне збіраюцца будаваць новыя інтэрнаты — не хапае кожнаму пятаму іншагародняму студэнту ГрДУ

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Янкі Купалы месцы ёсць для 82,1% тых, каму яны патрэбны,…

8 лістапада 2024

Турыстка прыехала паглядзець на вядомую фотазону Гродна і расчаравалася

Турыстка прыехала ў Гродна і хацела сфатаграфавацца на фоне вядомай гродзенскай фотазоны - гродзенскага ўніверсітэта,…

8 лістапада 2024

У Гродне збіраюць подпісы за кандыдатаў на выбары прэзідэнта. Дзе і што забаронена?

Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт вызначыў месцы, дзе ў Гродне забаронена збіраць подпісы выбаршчыкаў за вылучэнне…

8 лістапада 2024

Карціну з Гродна, напісаную 111 гадоў таму, прадавалі на аўкцыёне за € 3,5 тыс.

Карціну з выявай помніка Антонію Тызенгаўзу ў гродзенскім Фарным касцёле выставілі на польскі аукцыён Onebid.…

8 лістапада 2024

У цэнтры Гродна адкрываецца ўзбекская чайхана

На Карла Маркса, 10 з'явілася чайхана "Халяль" - з мантамі, пловам і лавашам з тандыра.…

7 лістапада 2024