Пачаліся грамадскія абмеркаванні рэканструкцыі дамоў № 31 і 33 на Вялікай Траецкай. Шмат каму яны знаёмыя па майстэрнях па рамонце гадзіннікаў, акуляраў і вырабе ключоў, якія дзесяцігоддзямі працавалі на першым паверсе. Цяпер будынкі збіраюцца рэканструяваць, аб’яднаць у адзін і адкрыць там рэстаран са сцэнай для канцэртаў, а ў падвале — пякарню.
У перадпраектнай прапанове разглядаецца варыянт аб’яднаць будынкі і на першым паверсе, а таксама частцы другога — атрыуме — арганізаваць пункт грамадскага харчавання на 50 чалавек. Таксама прапануецца пашырыць падвалы і арганізаваць там міні-пякарню.
Запланаваны рэстаран будзе прасоўваць ідэю аб’яднання народаў, якія жывуць у горадзе. Гэта значыць, у меню будуць стравы розных культур. Інтэр'еры будуць адпавядаць тэме.
Вернуць аркі і балконы, але ёсць адно «але»
Дом № 31 пабудавалі ў канцы XIX стагоддзі, дом № 33 прыбудавалі да яго ў 1930-я гады. Дамы былі цагляныя, не атынкаваныя. Праект прадугледжвае вярнуць страчаныя ў савецкія гады дэталі. Напрыклад, раней у кожным з дамоў быў скразны арачны праезд ва ўнутраны двор — іх заклалі, каб павялічыць «карысную плошчу» будынка. Зніклі балконы, якія таксама плануюць аднавіць. Інакш выглядалі вітрыны і дзверы на першым паверсе.
Паасобку будынкі не з’яўляюцца помнікамі архітэктуры, але знаходзяцца на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Гродна, які ўвесь прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Таму гістарычны від будынкаў трэба захаваць.
Аднак паводле справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА), у будынкаў амаль адсутнічае падмурак, яны знаходзяцца ў аварыйным стане і трымаюцца выключна за кошт каркаснай звязкі канструкцый. У мінулым такія ацэнкі дазвалялі фактычна зносіць старыя дамы і будаваць на іх месцы падобныя муляжы — нібыта з-за таго, што захаваць арыгінал было немагчыма.
У АУНА напісана, што аварыйныя ўчасткі сцен будуць дэмантаваныя, але іх адновяць з захаваннем габарытаў і вонкавага выгляду з «роднай» керамічнай цэглы. Дзверы і вітрыны будуць драўлянымі.
Лепш за ўсё захаваўся падвал
Пад будынкам № 33 захаваўся падвал двухметровай глыбіні. Верагодна, яго будавалі адначасова з будынкам. Ужо раней яго перакрыцце замянілі на жалезабетоннае і арганізавалі дадатковы ўваход з вуліцы. Згодна з АУНА, менавіта сутарэнні захаваліся лепш за ўсё.
Заказчык — гродзенская фірма
Дамы купілі за 327 тыс. рублёў на аўкцыёне 1 лістапада 2022 года. Заказчык рэканструкцыі - гродзенская кампанія «ФрутПак». Яна вырабляе гафраваную паперу, кардон, тару. Праект рэканструкцыі распрацоўвае гродзенская будаўнічая фірма «АРС Дэко», якая раней займалася, напрыклад, рэканструкцыяй часткі былой фабрыкі «Акцэнт» на Маставой, 31. Цікава, што кантактная асоба ў фірме — былая галоўная архітэктарка Гродна Вольга Барэйка. Цяпер яна працуе ў «АРС Дэко» намесніцай дырэктара.
Калі праект зацвердзяць у такім выглядзе, то пачаць працу заказчык плануе ўжо ў 2024 годзе.