Распараджэнне аб забароне Хэлоўіна разаслаў напярэдадні свята Гродзенскі аблвыканкам. Атрымальнікі — Гродзенскі гарвыканкам і райвыканкамы вобласці, а таксама мясцовы БРСМ. У тэксте ліста чыноўнікі звяртаюць увагу «на недапушчальнасць правядзення мерапрыемстваў і папулярызацыя свята „Хэлоўін“». Забараняецца любая яго атрыбутыка — гарбузы, павуцінне, маскі на дзвярах і не толькі.
Чытайце таксама:
- 7 атмасферных месцаў Гродна, якія варта наведаць на Хэлоўін
- Як Гродна рыхтуецца да Хэлоўіна-2024 (будзе дапаўняцца)
Пра ліст Гродзенскага аблвыканкама стала вядома Zerkalo.io. На думку абласных чыноўнікаў, Хэлоўін нібыта «прапагандуе гвалт, агрэсію, асацыяльныя паводзіны дзяцей і моладзі» і супярэчыць «гістарычным, культурным і духоўным традыцыям беларускага народа».
Чыноўнікі узроўнем ніжэй хутка адрэагавалі на даручэнне. Цягам тыдня перад Хэлоўінам супрацоўнікі Гродзенскага гарвыканкама тэлефанавалі ў прыватныя арганізацыі, якія рэкламавалі тэматычныя вечарыны. Яны патрабавалі прыбраць іх афішы з сацсетак, расказала Hrodna.life крыніца, блізкая да выканкама. Некаторыя ўстановы тут жа прыбралі рэкламу. «Для нас гэта можа мець наступствы», — растлумачыў у размове з Hrodna.life прадстаўнік гродзенскага грамадскага харчавання.
У выніку ў Гродне ў 2023 годзе амаль не засталося месцаў, дзе можна адзначыць Хэлоўін.
Чытайце таксама: Пакуль чыноўнікі адмяняюць Хэлаўін, вернікі рыхтуюцца да Дзядоў - свята, калі памерлыя вяртаюцца дамоў
Забароны Хэлоўіна ў Беларусі пачаліся год таму
З Хэлоўінам у Беларусі пачалі актыўна змагацца ў 2022 годзе. Гэта стала вынікам актыўных зваротаў да ўлады гродзенскай актывісткі Вольгі Бондаравай і яе паслядоўнікаў. У зваротах яны сцвярджалі, што Хэлоўін быццам бы супярэчыць гістарычным, культурным і духоўным традыцыям беларусаў, прапагандуе гвалт, агрэсію, асацыяльныя паводзіны дзяцей і моладзі, аказвае негатыўны ўплыў на духоўна-маральнае развіццё грамадства.
У выніку ў Беларусі святкаванне Хэлоўіна фактычна патрапіла пад забарону. У снежні 2022 Савет Міністраў даручыў прыняць «вычарпальныя меры» па недапушчэнні прапаганды і правядзення ва ўстановах адукацыі і культуры мерапрыемстваў, «якія супярэчаць традыцыйным каштоўнасцям беларускага народа». Да такіх мерапрыемстваў аднеслі і Хэлоўін.
У 2023 годзе Бондарава працягвае змагацца з Хэлоўінам. У яе канале, напрыклад, з’явіліся фатаграфіі кафэ з Бабруйска, упрыгожанага да свята. Яна лічыць гэтыя ўпрыгожанні пагрозай беларускім дзецям і беларускай дзяржаве. Таму прапануе жадаючым «пагутарыць з адміністрацыяй канкрэтнай кавярні ці з кіраўніцтвам ідэалогіі горада Бабруйска».
Тым часам у Расіі: «Хэлоўін трэба замяніць на свята ўраджаю»
У Расіі, дзе таксама вельмі моцныя антызаходнія галасы, таксама занепакоеныя папулярнасцю Хэлоўіна. Старшыня Асацыяцыі вытворцаў дзіцячых тавараў, работ і паслуг Міхаіл Ветраў лічыць, што гэтае свята трэба замяніць нейкім варыянтам Дажынак:
«Хэлоўін небяспечны для маральнага развіцця расійскіх дзяцей. Трэба замяніць яго на фестываль ураджаю! Папулярнасць гэтай падзеі прывіваецца падрастаючаму пакаленню праз заходні кінематограф, поп-культуру і прывабны флёр таямнічасці», — цытуе Ветрава канал «The Moscow Times. Мнения»
Таксама на замену Хэлоўіну сёлета ў Расіі прыдумалі «славянскае свята Гарбузовы Спас». Гэтую ідэю прапанавалі ў адной са школ Іжэўска. Нягледзячы на крытыку з боку царквы, свята стала папулярным мемам і распаўсюдзілася па розных рэгіёнах.