Лямус кляштара брыгітак у Гродне — самы стары драўляны будынак Беларусі. У 2016−2020 гадах яго адрэстаўравалі, а зараз Гродзенская дыяцэзія каталіцкага касцёла плануе арганізаваць там экспазіцыю.
У лямусе да канца года збіраюцца размясціць экспазіцыю, прысвечаную старадаўняму побыту. Экспанаты былі сабраныя ў час экспедыцый па вёсках, расказаў рэктар Пабрыгіцкага касцёла Антоні Грэмза агенцтву Sputnik.
Вядома, што раней у планах было адкрыць у лямусе музей Гродзенская дыяцэзіі. Такія планы ксёндз Грэмза агучваў у 2019 годзе.
Уладкаванне інтэр'ераў - чацвёрты этап рэстаўрацыі, якая цягнецца з 2016 года. Працы па афармленні ўнутранай прасторы і стварэнні музейнай экспазіцыі ідуць больш за чатыры гады.
Калі насамрэч пабудавалі гродзенскі лямус?
Драўляны лямус знаходзіцца на тэрыторыі былога Брыгіцкага манастыра на вуліцы Маркса ў Гродне. Паводле найноўшых дадзеных, ён быў пабудаваны ў 1769 годзе. Пры гэтым будаўнікі не выкарыстоўвалі цвікі. Спачатку гэта быў часткова жылы, а часткова гаспадарчы будынак. У савецкія часы лямус, як і ўвесь былы манастыр, займаў псіхіятрычны шпіталь, у лямусе былі кабінеты ўрачоў.
Доўгі час лічылася, што лямус пабудавалі каля 1630 года. Аднак зараз вядома, што гэта памылка. Некалькі гадоў таму гісторык Мечыслаў Супрон, вывучыўшы планы забудовы горада, зрабіў выснову, што драўляны лямус паўстаў у перыяд з 1753 г. па 1780 г.
Рэстаўрацыя лямуса ішла з 2016 года
У 2016 годзе, калі лямус быў у аварыйным стане, адмыслоўцы з Польшчы пачалі яго аднаўленне. У ходзе рэстаўрацыі адрамантавалі падмуркі, замянілі прагнілыя і спарахнелыя дэталі, з будынка прыбралі ўсё лішняе і не аўтэнтычнае, замянілі дах, З 2019 года доступ на тэрыторыю адкрыты для турыстаў. Перыядычна там адбываюцца экскурсіі.
Будынак лямуса ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Ён мае нулявую — гэта значыць найвышэйшую — катэгорыю каштоўнасці. Гэта адзін з самых каштоўных помнікаў архітэктуры ў Гродне і наогул ва ўсёй Беларусі, які не мае аналагаў у краіне.
Не толькі лямус, але і падвалы касцёла
Для турыстычных груп адкрыты яшчэ і падвалы касцёла і былога кляштара. Там знаходзіцца невялікі музей з розных каштоўнасцей, што захаваліся ў храме. Экскурсіі праводзіць рэктар касцёла Антоні Грэмза. Трапіць у падвалы можна па папярэднім запісе.
Глядзіце таксама: Гродзенскі «Танец Смерці» — пра што кажа мастацкі скарб з кляштара брыгітак