Беларусы склалі петыцыю, у якой прасілі зняць абмежаванні на продаж кватэр без асабістай прысутнасці. Абмежаванні закранулі тых, хто з’ехаў за мяжу і не можа вярнуцца ў Беларусь. Зварот накіравалі ў Міністэрства юстыцыі і Палату прадстаўнікоў. Але чыноўнікі накіроўваюць зварот па коле, расказаў e-petitions.by.
Як дыскрымінацыйны ўказ прайшоў экспертызу?
Беларусы патрабавалі правесці паўторную экспертызу ўказа Аляксандра Лукашэнкі, які абмяжоўвае продаж нерухомасці ў Беларусі. Цяпер пры продажы нерухомасці абавязковая асабістая прысутнасць уладальніка альбо наяўнасць даверанасці, якую склалі на тэрыторыі Беларусі.
Аўтары петыцыі адзначылі, што ў пункце 2.2 указа ёсць прывілегіраваныя ўмовы для супрацоўнікаў дыпламатычных і консульскіх установаў альбо гандлёвых прадстаўніцтваў Беларусі. Яны і члены іх сем’яў, у адрозненне ад рэшты беларусаў, могуць прадаваць нерухомасць, знаходзячыся за мяжой. Таму аўтары петыцыі былі здзіўленыя, як такі дыскрымінацыйны дакумент наогул прайшоў экспертызу.
У петыцыі прасілі:
- абнародваць імёны асобаў, якія адказныя за юрыдычную экспертызу прававога акта;
- правесці паўторную экспертызу на адпаведнасць Канстытуцыі і Грамадзянскаму кодэксу Беларусі;
- прыпыніць дзейнасць указа да сканчэння правядзення экспертызы;
- унесці праўкі, а менавіта прызнаць указ юрыдычна нікчэмным.
Кола замкнулася ў Міністэрстве юстыцыі
Петыцыю накіравалі ў Міністэрства юстыцыі. Яно перанакіравала зварот у Міністэрства замежных спраў. Перанакіраванне зварота патлумачылі тым, што менавіта МЗС «здзяйсняе кіраўніцтва працай дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў Рэспублікі Беларусь».
«У звароце было пытанне аб правамернасці дадзенага заканадаўчага акта. Міністэрства юстыцыі якраз упаўнаважана адказваць на такое пытанне», — сказала юрыстка Вольга Працкевіч.
У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сказалі, што здзяйсняюць свае паўнамоцтвы ў формах і межах, усталяваных канстытуцыяй і законам «Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь». Таму не надзеленыя правамі прыпыняць, адмяняць і праводзіць юрыдычную экспертызу указаў Аляксандра Лукашэнкі.
Потым петыцыю накіравалі ў МЗС. Там адказалі, што зварот адправілі для разгляду ў Міністэрства юстыцыі, куды з самага пачатку яго перадалі актывісты.
Чытайце таксама: Гродзенцы запыталіся ў чыноўнікаў, куды знік знак у гонар паўстанцаў 1863 года
Далей можа быць Канстытуцыйны суд
На думку юрысткі Вольгі Працкевіч, зварот можна зноў накіраваць у Міністэрства юстыцыі. Акрамя гэтага, маючы дакументальныя пацвярджэнні, што былі звароты ў разнастайныя ўстановы і пытанне не вырашылася, зараз можна пісаць зварот у Кастытуцыйны суд.