Чыноўнікі ад сферы адукацыі ў Гродне прыходзілі з праверкай на курсы польскай мовы. Рэдакцыі Hrodna.life вядома прынамсі пра адзін такі выпадак. Верагодна, гэта яшчэ адзін спосаб змагацца з адтокам кадраў за мяжу.
Падобныя праверкі праходзяць штогод. Але на гэты раз улады павялі сябе па-новаму. Яны пыталіся, ці дапамагаюць на курсах рабіць карту паляка, ці даюць кансультацыі аб вучобе за мяжой, колькі людзей у іх вучацца.
У Гродне дзейнічаюць некалькі камерцыйных курсаў для вывучэння польскай мовы.
Таксама ў Гродне ў аддзелы адукацыі просяць прадставіць інфармацыю пра навучэнцаў 9−11 класаў, якія вывучаюць польскую мову, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
Вядома аб такіх праверках і ў Мінску. Праблемы ў арганізатараў курсаў узнікаюць, калі яны рэкламуюцца як тыя, што дапамагаюць з’ехаць за мяжу.
Як яшчэ змагаюцца з адтокаў кадраў?
Бацькам выпускнікоў, якія вырашылі паступаць за мяжу, пагражаюць і выклікаюць на прафілактычныя размовы. У школах, у якіх было шмат тых, хто паступіў за мяжу, караюць кіраўніцтва. У адказ некаторыя забіраюць дакументы са школы пасля 9-га і 11-га класа. Бацькоў школьнікаў просяць паведаміць пра ВНЖ ці карту паляка.