У будынку былога завода на вуліцы Суворава ў Гродне плануюць адкрыць “Мотадэпо”. Там будзе хостэл, рэстаран і бар. Усё гэта будзе ў байкерскай тэматыцы, паведаміў блог s13.ru.

На трэцім паверсе плануюць арганізаваць нумары для пражывання пастаяльцаў. На другім паверсе павінен быць рэстаран з некалькімі заламі ў мотастылістыцы, з уласнай кухняй і барнай стойкай. На першым паверсе запланавалі аналаг мінскай “Пясочніцы” альбо вуліцы Кастрычніцкай. Там змогуць размясціцца ўстановы грамадскага харчавання, кавярня, барбер-шоп і тату-студыя.
“І уласны дворык з праектарам і экранам, сцэнай і мноствам гірлянд. І усё ў межах адзінай лакацыі: і для мотацыклістаў, і для аматараў жывой музыкі, і для моладзі”, – сказаў уладальнік будынка Аляксандр.
Патрэбен інвестар, бо не хапае грошай
Праект плануюць рэалізоўваць паэтапна. Спачатку ўладальнікі хочуць скончыць усе праектныя працы адносна будынка. “Трэба зразумець, у якім стане знаходзіцца будынак, дзе патрэбна нешта падлатаць, дзе штосці замяніць альбо падфарбаваць”. Гэты этап плануюць рэалізаваць за год, за наступныя тры гады праект павінны запусціць – будынак хочуць увесці ў эксплуатацыю, каб ён пачаў прыносіць прыбытак.
Зараз не хапае $250 тыс, каб запусціцца максімальна хутка. У праект ужо ўкладзена каля $80 тыс. ($30 тыс. каштаваў сам будынак). “Нам вельмі патрэбен інвестар, але вельмі хочацца, каб гэта быў хтосьці блізкі па духу, магчыма, таксама ўладальнік байка, альбо з індустрыі грамадскага харчавання”, – сказаў Аляксандр.
Шукалі лакацыю не ў цэнтры горада
Аляксандр прыдумаў ідэю каля двух гадоў таму. Тады ж і пачалі шукаць лакацыю, якая павінна была знаходзіцца крыху далей ад цэнтра горада і не ў спальным раёне. Таксама яна павінна была быць агароджана альбо мець свой уласны дворык і заезд. Для такой лакацыі разглядалі раёны Азёрскай шашы, вуліц Магістральнай, Суворава, Перамогі і Лідскай – усюды, дзе ёсць фрагменты прамзоны.
Чытайце таксама: Лофты. Як завадскія руіны ператвараюцца ў сэрцы гарадоў
Пра продаж нерухомасці даведаліся з банера на самым будынку. Набылі яго праз аўкцыён, іншых пакупнікоў не было.
“Перарабіць яго пад шматкватэрны жылы дом альбо склад – не было магчымасці. А набываць тры паверхі з мэтай наладзіць нейкую нескладаную вытворчасць – не зусім рацыянальна. Атрымліваецца, гэты будынак чакаў нас і нашага праекту, бо як найлепш упісаўся ў яго візуалізацыю”, – сказаў Аляксандр.
Раней будынак належаў заводу
Будынак калісьці належаў аднаму з гродзенскіх заводаў. Гэта быў адміністрацыйны комплекс: тры паверхі з бібіліятэкай і архівам, медычным кабінетам і чарцёжным бюро, лабараторыяй, сталовай і падсобнымі памяшканнямі.
Чытайце таксама: На Кірава збіраюцца адкрыць Insta-кафэ: там, дзе раней працавалі AvaCava і «Карсар»









