На вуліцы Савецкай, 3 адкрылі кафэ «Культура». Там можна паснедаць, выпіць кавы, а таксама пакаштаваць марожанае з вэнджаным ласосем.
«Многія называюць Гродна культурнай сталіцай і назва „Культура“ даволі гарманічная для старога горада. Дарога ў кафэ праходзіць праз скляпеністую арку ў пачатку вуліцы. Гэты праект пра ўтульнае цёплае месца на другім паверсе, спакойную атмасферу і смачную зразумелую ежу. Для шматлікіх „Культура“ можа стаць сваім месцам у цэнтры Гродна», — сказалі ўладальнікі ўстановы.
Кафэ размяшчаецца на другім паверсе. Патрапіць туды можна? прайшоўшы праз арку ў дворык на вуліцы Савецкай, 3.
Новае месца працуе штодзённа:
- панядзелак — чацвер, нядзеля: з 8:00 да 24:00
- пятніца — субота: з 8:00 да 01:00
Што прапануюць у кафэ і колькі гэта каштуе
Сняданкі ў кафэ прапануюць з 8:00 да 13:00. Сярод страваў ёсць сырнікі з хатнім малінавым соусам і вяршковым мусам — 11 рублёў, дранікі са слабасалёным ласосем і крэмчызам — 15 рублёў, панкейкі з цукіні з соусам з белых грыбоў - 12 рублёў, аўсяная каша з бананам, арахісавай пастай, міндалём і семянамі чыа — 10 рублёў.
З 13:00 у «Культуры» можна пакаштаваць закускі. Брускеты з сёмгай і мяккім сырам — 14 рублёў, брускеты з папаратнікам — 12 рублёў, мясное антыпасці: пармская вяндліна, баструма, паляндвіца, аліўкі, хрэн, чыбата — 24 рублі, пірог з лісічкамі і шпінатам — 9 рублёў.
Таксама ў меню ёсць супы, салаты, дэсерты, марозіва. З напояў ва ўстанове прапануюць кавы, гарбаты, а таксама кактэйлі.
Чытайце таксама: Кавярня замест аптэкі. Гродзенская Cofishka пераехала на Савецкую — у сутарэнні XIX стагоддзя