Новую аварыйна-ратавальную частку «Грандзічы» адкрыюць у Гродне ў студзені 2024 года. Гэта будзе 11 пажарная станцыя ў горадзе, паведаміў тэлеканал АНТ.
Новую частку адкрыюць у Дзень ратаўніка — 19 студзеня 2024 года. Будынак ужо ўзвялі, зараз будаўнікі пачынаюць аддзелку, завяршаюць працы на даху і ўсталёўваюць камунікацыі.
Што будзе ў частцы
Плануецца, што на станцыі будуць працаваць 30 чалавек. Там плануюць размясціць гараж-стаянку, адміністрацыйна-гаспадарчыя памяшканні, трэніровачную паласу. Таксама будуць пакоі для персаналу, спажывання ежы, адпачынку і спартовая зала.
Чаму частку будуюць у Грандзічах
Пра будаўніцтва новай аварыйна-ратавальнай станцыі ў Грандзічах стала вядома ў траўні 2018 года. Месца выбралі ў сувязі з развіццём інфраструктуры і пашырэннем мікрараёна, якому трэба гарантаваць пажарную бяспеку. У перспектыве ў Грандзічах будуць жыць не менш за 60 тыс. чалавек.
Плануецца, што ратавальнікі новага дэпо змогуць выязджаць не толькі ў Гродна, але і ў бліжэйшыя населеныя пункты Гродзенскага раёна.
Будаўніцтва пажарнай часткі адбываецца ў лесе, на тэрыторыі былой базы падраздзялення 1-га зенітна-ракетнага палка, побач з вуліцай Віктара Саяпіна. Дзеля будаўніцтва на тэрыторыі былой вайсковай часткі засыпалі пруд. Падчас працаў выкарысталі грунт з будаўніцтва дарог у жылым мікрараёне. Побач пракладаюць участак будучай кальцавой аўтамагістралі.
Колькі грошай пойдзе на новую станцыю
На будаўніцтва базы гарадской службы МНС планавалі выдаткаваць 1,2 млн рублёў. Такая сума была закладзена ў абласной інвестыцыйнай праграме. У планах была, між іншым, закупка трансфарматарнай падстанцыі для аб’екта цаной больш за 380 тыс. рублёў. Грошы планавалі браць з абласнога бюджэту.
Плануюць не толькі станцыю МНС
На месцы былой вайсковай часткі планавалі пабудаваць не толькі станцыю МНС. Паводле генеральнага плана Гродна на 2020−2030 гады, там прадугледжана зялёная зона са спартыўнымі і забаўляльнымі аб’ектамі.
Таксама ў Грандзічах зрабілі басейн для прымання сцёкавых водаў. Ён патрэбны на выпадак залпавых залеваў. Гэты ж басейн будзе адначасова і пажарным рэзервуарам.