Блізкія загінулага на будоўлі ў Варшаве Рамана Багдана змаглі выехаць у Польшчу, каб забраць цела. На мінулым тыдні яго даставілі ў Беларусь. Тыдзень таму, 20 верасня, Рамана пахавалі на могілках у Гродне.
Блізкім зрабілі візы ў Польшчу за адзін дзень, каб паспрыяць з пахаваннем. Цела забірала беларуская рытуальная служба на спецыяльным транспарце. Цела прыйшлося цынкаваць. Таксама былі некаторыя складанасці з атрыманнем пасведчання аб смерці ў Беларусі.
Вечары памяці Рамана таксама прайшлі ў Варшаве. У тым ліку — на сквоце, дзе ён жыў і займаўся гаспадаркай. На развітанне прыехаў ягоны брат «Чарлі», які ваюе добраахвотнікам на баку Украіны.
Загінулы Раман быў антыфашыстам, удзельнічаў у актывісцкай дзейнасці. Яго апісваюць як усмешлівага і добразычлівага чалавека. Яму быў 21 год. 5 верасня хлопец працаваў на будоўлі і зваліўся з будаўнічых лясоў з вышыні шостага паверха. Па іншай інфармацыі — з чацвёртага. Пасля падзення ён быў жывы, яго даставілі ў бальніцу, але выратаваць не змаглі. Увечары 5 верасня Раман памёр.
На сэрвісе pomagam.pl сабралі 33 631 з 50 000 злотых (€ 7287 з € 10 834). Таксама некаторыя сябры адпраўлялі збор на персанальныя карты блізкіх Рамана. Сродкі перадалі блізкім Рамана.
Чытайце таксама: У эміграцыі памёр гродзенскі актывіст Дзяніс Швыркін