Навіны

Смерць у эміграцыі, суд з Дэпартаментам аховы, допыт літоўцаў. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

У эміграцыі памёр гродзенскі актывіст Дзяніс Швыркін. Супрацоўнік гродзенскага Дэпартамента аховы судзіцца з ведамствам. На беларускай мяжы ўсё часцей дапытваюць літоўскіх грамадзян. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 18 па 24 верасня.

На беларускай мяжы ўсё часцей дапытваюць літоўскіх грамадзян

Літовец Саўлюс (імя зменена — LRT.lt) у апошнія гады часта ездзіць у Беларусь, паколькі яго дзяўчына родам адтуль, і яны часта наведвалі яе сям’ю ў Беларусі. Аднак у адзін з прыездаў перасекчы мяжу было дастаткова цяжка, паведамляе lrt.lt.

Дагэтуль ніводзін з ягоных візітаў не займаў шмат часу, але гэтым разам яму давялося чакаць некалькі гадзін і ўдзельнічаць у вельмі непрыемным допыце, мэта якога ён дагэтуль не ведае, хоць мяркуе, што ў гэтым выпадку яго маглі дапытваць не памежнікі, а супрацоўнікі беларускага КДБ.

Яшчэ больш экстрэмізму

Telegram-канала «Рада БНР: афіційны канал» і яго лагатып — герб «Пагоня» — прызналі экстрэмісцкімі. Так вырашыў суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці 12 верасня.

Супрацоўнік гродзенскага Дэпартамента аховы судзіцца з ведамствам

Жук Юрый Міхайлавіч судзіцца з Кастрычніцкім аддзелам Дэпартамента аховы МУС у Гродне, заўважыў Telegram-канал «Право имеют».

Суд аб спагнанні прэміі, кампенсацыі за працу ў звышурочны час, адмене дысцыплінарнага спагнання прайшоў 19 верасня. Гэта грамадзянская справа. Суддзя — Вадзім Дзмітрыеў.

За ўдзел у гродзенскай «счэпцы» ў 2020 годзе асудзілі намесніка дырэктара прыватнага прадпрыемства

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна 28 ліпеня асудзіў да двух гадоў «хатняй хіміі» намесніка дырэктара аднаго з прыватных прадпрыемстваў горада Вольгу Ключнікаву, абвінаваціўшы яе ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 КК). Справу разглядала суддзя Маргарыта Ланцэвіч, паведамляе «Вясна».

Па матэрыялах абвінавачвання, 55-гадовая Вольга Ключнікава 6 верасня 2020 года разам з іншымі мітынгоўцамі рухалася па праезнай частцы і пешаходных дарожках вуліц, перашкаджала руху транспарту і праходу грамадзян, пасля чаго, выстраіўшыся ў ланцуг і ўзяўшыся за рукі з іншымі людзьмі, утварыла «счэпку».

18 жніўня Вольгу Ключнікаву ўнеслі ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Яна добраахвотна выплаціла шкоду, якую нібыта нанесла гораду — 71,69 рублёў.

Затрыманне ў Гродне

У Гродне затрымалі айцішніка — за тое, што знаходзіўся ў чатах, прызнаных экстрэмісцкімі, і пісаў там негатыўныя каментары на адрас Аляксандра Лукашэнкі, службовых асоб, супрацоўнікаў міліцыі, расійскіх вайскоўцаў. Таксама ён нібыта пагражаў людзям, якія падтрымліваюць дзейную ўладу.

На дадзены момант мужчына нідзе не працуе. Далейшы яго лёс невядомы.

Затрыманы ў Гродне. Скрыншот Hrodna.life

У Гродне новае экстрэмісцкае фарміраванне — «Честный Гродно»

Рашэнне «Аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фарміраваннем і забароне яго дзейнасці» 20 верасня прыняў МУС.

Туды ўвайшлі:

  • Telegram-чат «Честный Гродно»,
  • Telegram-канал «Честный Гродно»,
  • Telegram-бот «Гродно»,
  • Telegram-бот «Честный Гродно»,
  • Telegram-акаунт «Давыд Гарадзенскі»,
  • Лагатып ў выглядзе малюнка рыцара верхам на кані з мячом у правай руцэ, выкананага ў чырвоным колеры на белым фоне.

Сілавікі палічылі, што яго адмініструе 30-гадовы Шоцік Андрэй Анатольевіч. Ніякага дачынення да канала «Честный Гродно», як паведамілі знаёмыя з сітуацыяй, мужчына не мае. Проста яго нікнэйм ва «ВКонтакте» супадае з імем карыстальніка акаўнта адміністратара «Честного Гродно» ў Telegram, паведамляе «Наша Ніва». Тое, што менавіта Андрэй Шоцік — адміністратар канала, беларускія сілавікі памылкова сцвярджалі яшчэ год таму і пісалі, што ён «хаваецца на тэрыторыі Польшчы».

У Гродне за «экстрэмізм» будуць судзіць жыхарку Ваўкавыска

У Гродне будуць судзіць адміністратара «дэструктыўных інтэрнэт-рэсурсаў» — 30-гадовую жыхарку Ваўкавыска. Пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала справу ў суд.

З 19 чэрвеня 2021 года па 9 лютага 2023 года дзяўчына нібыта распаўсюджвала інфармацыю аб падрыхтоўцы замахаў на асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку Беларусі. Па версіі абвінавачвання, яна дзейнічала па матывах ідэалагічнай варожасці і мела сувязі з прадстаўнікамі экстрэмісцкіх фарміраванняў.

Яна была адміністратарам і публікавала інфармацыю на некалькіх «дэструктыўных» Telegram-каналах, прызнаных экстрэмісцкімі фармаваннямі. Публікацыі былі накіраваны на распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы, абразу прадстаўнікоў улады, суддзяў, незаконны распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных пацярпелых без іх згоды, абразу і паклёп на адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Дзяўчыну будуць судзіць паводле васьмі артыкулаў КК: ч. 3 арт.130, ч. 3 арт. 203−1,ч. ч. 1, 2 арт. 361−1,ч. ч. 1, 2 арт. 361−4, ч. 2 арт. 367, ч. ч. 1, 2 арт. 368, арт. 369 і арт. 391 КК. Яе пакінулі пад вартай.

Палітвязня Дзмітрыя Сушчыка асудзілі па новай крымінальнай справе

У судзе Ленінскага раёна Гродна з 10 жніўня па 1 верасня разглядалі новую крымінальную справу супраць палітвязня Дзмітрыя Сушчыка. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы», паведамляе «Вясна».

Суддзя Наталля Козел прызнала Дзмітрыя вінаватым і прызначыла яму ў дадатак да паўтара года зняволення яшчэ адзін год і 15 дзён калоніі. Пры гэтым Дзмітрый павінен быў у жніўні выйсці на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, але быў перазатрыманы па новай справе і змешчаны пад варту.

Дзяніс Сушчык. Фота: «Вясна»

Новыя «экстрэмісты»

Сенік Максім Багдановіч з Гродна 22 верасня папоўніў «спіс экстрэмістаў». Ён адбывае пакаранне.

Максім Сенік. Фота: «Вясна»

У Гродне ліквідуюць фонд падтрымкі вынаходнікаў

Пасяджэнне аб ліквідацыі мясцовага фонду падтрымкі вынаходнікаў «Прынёманская Братчына» пройдзе ў Гродзенскім абласным судзе 6 кастрычніка. Ісцец — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Суддзя — Сяргей Піпко, заўважыў Telegram-канал «Право имеют».

Фонд быў зарэгістраваны ў Лідзе ў 2010 годзе. З апошніх праведзеных мерапрыемстваў - круглыя сталы.

На гродзенскай ЦЭЦ-2 РУП «Гроднаэнерга» працягваюцца масавыя звальненні па палітычных матывах

Паводле інфармацыі крыніцы, знаёмай з сітуацыяй, на прадпрыемства нядаўна быў спушчаны спіс з больш чым 20 прозвішчамі людзей, якія ў бліжэйшы час павінны быць звольненыя з працы, піша «Наша Ніва».

«Людзей са спісу выклікае да сябе начальства, дзе разам з мясцовым кадэбэшнікам даводзяць да ведама, што „вам трэба вызваліць месца“. Канкрэтныя тэрміны не называюць, але раяць не зацягваць гэты працэс», — кажа суразмоўца. З ягоных слоў, людзей са спісу «просяць» звольніцца, не зважаючы на тэрмін да заканчэння кантракту і досвед працы на прадпрыемстве.

«Прафесійныя якасці таксама не маюць ніякага значэння. Дайшло да таго, што звальненне аднаго чалавека вымушана адклала само кіраўніцтва, бо замяніць яго няма каму. Але гэта не азначае, што яго пакінуць. Спачатку сказалі не зацягваць са звальненнем, а потым паведамілі, што можна не спяшацца», — кажа суразмоўца.

«Звольніцца прапануюць па пагадненні бакоў. Наколькі я ведаю, ніхто асабліва не пярэчыць і не імкнецца трымацца за месца, бо гэта відавочна не мае сэнсу. Калі ад „нядобранадзейнага“ супрацоўніка трэба пазбавіцца, то яны знойдуць, як гэта зрабіць», — упэўнены суразмоўца.

Новыя «тэрарысты»

Гродзенцаў, якія нібыта рыхтавалі тэракт, унеслі ў спіс тэрарыстаў. Пухальскі Барыс Барысавіч, Ліхалат Іван Сяргеевіч, Бародзіч Іван Мікалаевіч з Гродзенскай вобласці 23 верасня папоўнілі спіс тэрарыстаў. Мужчыны праходзяць па адной справе і абвінавачваюцца па арт.289 КК «Акт тэрарызму».

У Лідзе на прадпрыемствах працягваюцца затрыманні

21−22 верасня былі затрыманні на прадпрыемстве «Белтэкс Оптык». 22 верасня прайшлі затрыманні на ААТ «Лакафарба» і яшчэ ГУП ЖКГ, у тым ліку ў дарожна-эксплуатацыйнай вытворчасці. У ЖКГ затрыманы бухгалтар, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».

На Лідскім малочна-кансервавым камбінаце з’явіўся ідэолаг, былы начальнік АДАІ Лідскага РАУС Швакель Аляксандр Іванавіч. Усе работнікі абавязаны былі падпісаць «кодэкс карпаратыўнай этыкі». У тым ліку там ідзе гаворка пра распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пяць чалавек запрасілі на размову аб экстрэмісцкіх матэрыялах, а потым — на прагляд фільмаў «Манкурты» и «Убить президента».

У школе ў Гродне бацькоў папрасілі паведаміць пра «замежныя дакументы» ў сям'і

Крыніца «Зеркало» распавяла, што на днях у адной са школ Ленінскага раёна Гродна бацькоў папрасілі паведаміць, ці ёсць у каго з членаў сям'і карты паляка або ВНЖ іншых краін. У аддзеле адукацыі Гродзенскага гарвыканкама такой ініцыятыве былі шчыра здзіўлены.

 — Калі шчыра, я ў першы раз [пра такое] чую, — здзівіўся чыноўнік і папрасіў падрабязней распавесці, пра якую школу ідзе гаворка. — Каб разумець [што адбываецца], мне трэба патэлефанаваць дырэктару, што там за адсябеціна класнага кіраўніка.

У Гродне караюць кіраўніцтва школ, дзе шмат дзяцей паступае за мяжу

У Беларусі вырашылі адсачыць колькасць выпускнікоў, якія вырашылі паступаць за мяжу. Для гэтага скарысталі звесткі аб апастылях, якія нядаўнія школьнікі ставілі на свае дыпломы. Пакараць за гэта вырашылі… кіраўніцтва школ.

У эміграцыі памёр гродзенскі актывіст Дзяніс Швыркін

Пра смерць гродзенскага актывіста Дзяніс Швыркіна 24 верасня паведамілі ў яго Facebook. Напярэдадні ён выехаў у эміграцыю пасля затрымання. Яму было 42 гады. Паводле інфармацыі Hrodna.life, мужчына памёр вечарам 23 верасня. Прычынай сталі праблемы з сэрцам.

Дзяніс Швыркін. Фота: Facebook героя

На «Гродна Азот» звальняюць за здымку на тэрыторыі прадпрыемства

На «Гродна Азот» нельга праводзіць несанкцыянаваную фота- і відэаздымку. Для кібербяспекі забаранілі падключэнне вонкавых прылад накшталт флэшак і мабільных тэлефонаў да завадскіх камп’ютараў. Пра гэта нагадаў намеснік генеральнага дырэктара па бяспецы і кадрах Алег Жывушка падчас нарады 19 верасня.

У Лідзе сілавікі прыйшлі да начальніка — ён папярэдзіў падначаленага аб затрыманні

У Лідзе затрымалі мясцовага жыхара і майстра прыватнага прадпрыемства. Да яго прыйшлі пасля таго, як ён папярэдзіў падначаленага аб магчымым затрыманні. Сілавікі адсправаздачыліся аб затрыманні 23 верасня.

Затрыманы працуе на прыватным прадпрыемстве майстрам. Напярэдадні ён паведаміў падначаленаму, што на працы яго могуць затрымаць. Сілавікі сапраўды прыйшлі на працу яго затрымліваць, але мужчыны там не было. Па словах сілавікоў, ён спрабаваў схавацца.

Адкуль майстар ведаў, што падначаленага плануюць затрымаць, не раскрылі. Днём раней жыхара Ліды сапраўды затрымалі за рэгістрацыю ў плане «Перамога» і пагрозы міліцыі і абразы Аляксандра Лукашэнкі і суддзі ў Telegram.

Затрыманы майстар — Аляксандр Аніскевіч. Ён заплаціць штраф у 30 базавых велічынь (1110 рублёў). Таксама ў яго канфіскуюць тэлефон, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024