Навіны

Затрыманні на «Лакафарбе», «Лідсельмашы», «Гродна Азот». Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Раскрылі падрабязнасці пра затрыманні на ААТ «Лакафарба» — у кагосьці скончылася прафілактычнай гутаркай, у кагосьці - крымінальнай справай. 15 верасня прайшлі затрыманні на «Лідсельмашы». Перыядычна здараюцца затрыманні на «Гродна Азот». Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 11 па 17 верасня.

Затрыманні

  • У Гродне затрымалі ўдзельніка аргкамітэта партыі Віктара Бабарыкі «Разам», які прайшоў рэгістрацыю ў плане «Перамога». На камеру хлопец сказаў, што збіраўся выконваць нязначныя дзеянні, якія яму дадуць у плане. Таксама ён паведаміў, што ўдзельнічаў у семінарах на тэму права і эканомікі.
  • Міліцыя затрымала гродзенца з татуіроўкамі «Пагоня» і ACAB. Хлопца будуць судзіць за распаўсюд экстрэмісцкай сімволікі — ён паказаў татуіроўку ў сацсетках. Яго затрымліваюць не першы раз.
  • У Ваўкавыску затрымалі прараба — за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Таксама ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. Дома ў яго знайшлі БЧБ-сімволіку, на фоне якой ён фатаграфаваўся. У відэа мужчына быў у «вышымайцы». Па словах сілавікоў, яго арыштавалі на 10 сутак (арт.19.11 КаАП).
  • На прадпрыемстве «Гродна Азот», паводле інфармацыі ад надзейнай крыніцы «Салідарнасці», перыядычна затрымліваюць і вывозяць у кайданках рабочых. Гэта адбываецца прама на працоўным месцы. На працягу апошніх месяцаў на прадпрыемствах Беларусі па ўсёй краіне праходзяць масавыя затрыманні работнікаў прадпрыемстваў, якія былі заўважаныя ў нелаяльнасці да дзейнага ў краіне рэжыму, адзначае медыя.
Затрыманы прараб. Скрыншот Hrodna.life
Затрыманы ў Гродне. Скрыншот Hrodna.life
Затрыманы за «Пагоню» і ACAB. Скрыншот Hrodna.life

Telegram-канал «Хрысціянская візія: НЕ ВАЙНЕ!» зноў прызналі экстрэмісцкім

Telegram-канал і яго лагатып у выглядзе крыжа, які абвіваецца двума васількамі, прызнаны экстрэмісцкім па рашэнні суда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ад 7 верасня 2023 года, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

У самім канале адзначаюць, што гэта ўжо другі раз, калі канал прызналі экстрэмісцкім — цяпер «экстрэмісцкасць» распаўсюдзілася і на лога.

Анджэй Пачобут узнагароджаны медалём 75-годдзя місіі Яна Карскага

Палітзняволены журналіст Gazeta Wyborczej, які цяпер знаходзіцца ў зняволенні ў калоніі ў Наваполацку, уганараваны медалём 75-годдзя місіі Яна Карскага. У нядзелю ў Любліне ўзнагароду за Анджэя атрымаў яго брат Станіслаў, паведамляе polskieradio.pl.

Брат Анджэя Пачобута Станіслаў, які ўжо год знаходзіцца ў Польшчы, падчас цырымоніі сказаў, што верыць у свабоду.

— Я не адчуваю сябе вартым атрымаць гэты медаль, у галаве ўвесь час круцяцца дзіўныя думкі, што Анджэй забраў бы яго лепш. Я не зраблю гэта так добра, як ён, — расчулена сказаў Станіслаў Пачобут. — Надзея заўсёды памірае апошняй, мы верым, што ўрэшце муры абрынуцца і ўсе выйдуць <…>.

Медаль да 75-годдзя місіі Яна Карскага — гэта адзнака для людзей, што прадстаўляюць каштоўнасці, якімі кіраваўся ў сваім жыцці і дзейнасці легендарны Ян Карскі - талерантнасць, павага і пачуццё супольнасці з іншымі людзьмі.

Па цэнтры — Стас Пачобут. Фота: polskieradio.pl

Новыя «тэрарысты»

Цыдзік Віталь Феліксавіч і Мінін Юрый Аляксандравіч з Гродзенскай вобласці 11 верасня папоўнілі спіс «тэрарыстаў». Абодва мужчыны абвінавачваюцца паводле арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы».

Новыя «экстрэмісты»

Салагуб Дзяніс Андрэевіч з Гродна 15 верасня папоўніў «спіс экстрэмістаў». Мяркуючы з дакумента, ён ужо адбыў пакаранне, але ягоная судзімасць не пагашаная.

Палітвязня Уладзіміра Гундара змясцілі ў ШІЗА

З якой прычыны Уладзімір трапіў у ШІЗА, невядома. Магчыма, ён там яшчэ з 3 жніўня — з тых часоў ад яго няма звестак ні наўпрост, ні праз іншых, паведамляе «Берасцейская Вясна».

Уладзімір Гундар. Фота: «Вясна»

На «Лідсельмашы» 15 верасня прайшлі затрыманні за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацсетках

Некаторыя з затрыманых удзельнічалі ў пратэстах у 2020 годзе. Пра гэта пішуць праўладныя Telegram-каналы, паведамляе «Право имеют».

«Лідсельмаш» — беларускае прадпрыемства, буйны вытворца сельскагаспадарчай тэхнікі. Робяць упор на выпуск інавацыйнай і імпартазамяшчальнай прадукцыі, як сцвярджаюць на сайце. Пастаўляюць прадукт у Расію, Казахстан, Арменію, Узбекістан і іншыя краіны.

BELPOL апублікавалі падрабязнасці пра затрыманні на ААТ «Лакафарба»

Паводле іх звестак, затрыманні звязаныя з выкрыкам «Жыве Беларусь» на фестывалі «LIDBEER 2023». У двух затрыманых на фестывалі хлопцаў «знайшлі цесную сувязь» з «Лакафарбай». Пасля гэтага сілавікі прыйшлі на прадпрыемства.

У адміністрацыю «Лакафарбы» выклікалі 15 работнікаў. Ім паведамілі, што трэба папрысутнічаць на нарадзе ў райвыканкаме. Выдзелены для гэтага аўтобус прывёз названых работнікаў не да райвыканкаму, а ў Лідскі РАУС.

Некалькі чалавек абышліся «прафілактычнай гутаркай». У дачыненні да астатніх склалі адміністрацыйныя пратаколы: людзі атрымалі суткі і штрафы. Аднаго лідчаніна адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе з узбуджанай крымінальнай справай.

Палітвязня Андрэя Сачэўку этапавалі ў магілёўскую турму № 4

У жніўні стала вядома, што яму змянілі меру пакарання — замест калоніі яго адправілі ў турму. Так вырашыў суд Бабруйскага раёна і Бабруйска, паведамляе «Вясна».

У бабруйскай папраўчай калоніі № 2, дзе адбываў свой тэрмін Сачэўка, на яго аказваўся вялікі ціск з боку супрацоўнікаў і адміністрацыі.

Андрей Сачевко. Фото: «Вясна»

У школах ладзяць ператрусы і забараняюць карыстацца старымі падручнікамі

Новы навучальны год пачалі з таго, што прыбралі старыя падручнікі і дапаможнікі з навучальных кабінетаў і школьных бібліятэк — з улікам зменаў у дзяржаўнай ідэалогіі. З класаў замежных моваў у школах прыбралі згадкі пра іншыя краіны. Гэта зрабілі на загад Лукашэнкі, патлумачыў міністр інфармацыі.

Улады адказалі на просьбу Бондаравай закрыць аграсядзібу «Літоўка»

Навагрудскі РАУС і Навагрудскі райвыканкам праверылі працу аграсядзібы «Літоўка». Яны адказалі Вользе Бондаравай і яе паслядоўнікам на шэраг калектыўных зваротаў. Закрываць сядзібу не сталі, але змянілі тэкст экскурсіі, размясцілі інфармацыйныя таблічкі і «апранулі» скульптуру. А дзецям забаранілі ўваход на некаторыя аб’екты.

Сядзіба «Літоўка». Фота: travel.by

Жыхар Ваўкавыска вярнуўся ў Беларусь праз «камісію Шведа». Але справу на яго так і не закрылі

Сяргей Пятрулевіч быў дыспетчарам камунальнай гаспадаркі ў Ваўкавыску. Увосень 2021 года ён з’ехаў у Польшчу. Потым на яго завялі крымінальную справу з палітычных матываў. Увесну 2023 года ён звярнуўся ў Камісію па вяртанні і ў выніку вярнуўся ў Беларусь 15 жніўня. Справу на яго так і не закрылі, але суда ён чакае на волі - пад падпіскай аб нявыездзе. «Пакаянае» інтэрв'ю паказаў тэлеканал АНТ.

Сяргей Пятрулевіч пасля вяртання ў Беларусь. Скрыншот Hrodna.life з відэа тэлеканала АНТ

Затрымалі двух гродзенцаў - абвінавачваюць у тэрактах і працы на СБУ

КДБ Беларусі 11 верасня адсправаздачыўся аб затрыманні пяці беларусаў і аднаго ўкраінца, якія нібыта працавалі на СБУ (Служба бяспекі Украіны) і планавалі падрывы на чыгунцы. Сярод іх — два гродзенцы, якіх заключылі пад варту ў СІЗА КДБ. Адзін з іх папрасіў аб вышэйшай меры пакарання для сябе.

Затрыманыя за тэракт. Калаж Hrodna.life

Беларусь не хоча вяртаць ЕС грошы за спыненыя праекты

Беларусь выключылі з еўрапейскіх праграм транспамежнага супрацоўніцтва з-за падтрымкі краінай расійскай вайсковай агрэсіі. Сродкі з ужо пачатых і не скончаных праектаў трэба вярнуць. Міністэрства замежных спраў прыдумала, як гэтага не рабіць. Аб гэтым піша «Люстэрка» са спасылкай на ўласную крыніцу ў адным з міністэрстваў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024

«Ледзь галаву не адрэзала». Байкеры ў лесе Гродна знайшлі пастку з дроту — у справу ўмяшалася міліцыя

Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…

20 лістапада 2024