Сінагогу ў Слоніме прадаюць з 2020 года. Зараз за яе хочуць 64,5 тыс. рублёў ($ 19,8 тыс.) — палову ад пачатковага кошту. Сінагогу ўжо паспелі прадаць, але забралі ў пакупніцы, бо тая не змагла знайсці грошы на рэканструкцыю.
Сінагога XVI ст. знаходзіцца ў Слоніме на вул. Савецкай, 1. Разам з асноўным будынкам прадаюць дзве прыбудовы і веранду. Дах пакрыты металадахоўкай.
Агульная плошча сінагогі - 673,3 кв. м. Зямлю, на якой стаіць будынак, пакупнік атрымае ў бязвыплатную арэнду на 50 гадоў.
Якія ўмовы?
Будынак дазволена рэканструяваць пад аб’ект культавага прызначэння, музейны комплекс, грамадскае харчаванне або гандаль, ён можа атрымаць культурна-відовішчнае ці забаўляльнае прызначэнне.
Сінагога мае статус помніка гісторыка-культурнай спадчыны. Пакупнік абавязаны будзе падпісаць ахоўнае абавязацельства. Пры рэканструкцыі ці капітальным рамонце прыйдзецца захаваць мастацкія, стылістычныя і канструктыўныя асаблівасці будынка сінагогі. На распрацоўку перадпраектнай і праектнай дакументацыі і экспертызы даецца два гады з моманту заключэння дамовы куплі-продажу. Увесці будынак у эксплуатацыю трэба не пазней, чым праз пяць гадоў з моманту пакупкі. Калі гэтага не зрабіць, прадавец забярэ будынак назад без пакрыцця пакупніку выдаткаў. Цяпер сінагога належыць Слонімскаму райвыканкаму.
Таргі пройдуць 12 кастрычніка на пляцоўцы Беларускай таварнай біржы.
У чым каштоўнасць будынка
Слонімская сінагога — помнік барочнай архітэктуры — была пабудавана ў 1642 годзе. Яна ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. У 1881 годзе будынак моцна пацярпеў падчас вялікага пажару, але быў адбудаваны на ахвяраванні гараджан. Дзейнічала да 1940 года. Пасля Другой сусветнай вайны тут размяшчаўся склад і гандлёвыя памяшканні.
Унутры захавалася частка барэльефаў і роспісаў. Будынак пустуе з 1990-х гадоў.
Чытайце таксама: Ацаніць інтэр'ер слонімскай сінагогі ў XVII стагоддзі праз VR-шлем. У Беларусі стварылі першую віртуальную рэканструкцыю будынка
Папярэдняя пакупніца не пацягнула рамонт
У 2018 годзе выкупіць слонімскую сінагогу планаваў брытанскі Фонд яўрэйскай спадчыны. Прадстаўнікі арганізацыі ўнеслі сінагогу ў Слоніме ў спіс самых значных аб’ектаў яўрэйскай сусветнай спадчыны, якім патрэбна дапамога.
Першы раз улады выставілі сінагогу на аўкцыён у пачатку лета 2020 года. Помнік архітэктуры 1642 года першапачаткова ацанілі ў 137 тыс. рублёў ($ 50 тыс.). З траўня па снежань аб аўкцыёнах аб’яўлялася тройчы, але пакупнікоў усё не было. У выніку, да апошніх таргоў сінагога патаннела да 27 тыс. рублёў.
У канцы 2020 года слонімскую сінагогу купіла дзіцячая пісьменніца Іаана Рыўз (Ілона Караваева) за 30 тыс. рублёў. Для гэтага яна прадала кватэру ў Мінску. Для пошуку сродкаў яна стварыла фонд «Ратуючы спадчыну». На рэканструкцыю спатрэбілася 164 тыс. рублёў - такіх грошай жанчына сабраць не змагла. У чэрвені 2022 года Караваева ліквідавала фонд. Аднаўленню сінагогі перашкодзілі санкцыі і вайна ва Украіне. Інвестараў або дзяржаўных праграм для падтрымкі праекта таксама не знайшлося. Слонімскі райвыканкам забраў сінагогу назад.
Будынак зноў спрабавалі прадаць у траўні 2023 года за 129 тыс. рублёў (€ 40 тыс.). Ахвотных купіць не знайшлося.
Чытайце таксама: «Навошта гэта інвестару?». Бізнесмены не купляюць гістарычныя будынкі ў рэгіёне — і вось чаму