У мікрараёне прыватнай забудовы Баранавічы-11 працягваюць праектаваць новыя вуліцы. На гэты раз Гарадскі савет дэпутатаў прапануе іх назваць у гонар гродзенцаў або людзей, звязаных з горадам. У спісе — воіны-інтэрнацыяналісты і ветэраны Другой сусветнай вайны. Папярэдняй ідэяй было стварэнне «расійскага квартала», дзе большасць вуліц былі б названыя ў гонар гарадоў-пабрацімаў з Расіі. Падобна, што ад яе адмовіліся.
16 лістапада вуліцам далі назвы — дэпутаты гарадскога савета прынялі адпаведнае рашэнне, паведамляе «Гродна Плюс».
Новы мікрараён разбудоўваецца на заходняй ускраіне Гродна, паміж вуліцай Ткацкай і вёскай Адамавічы. Для назваў новых вуліц Гродзенскі гарадскі Савет дэпутатаў прапанаваў такія варыянты:
- Улица Виктора Юртова (вуліца Віктара Юртава),
- Улица Филиппа Старовойтова (вуліца Філіпа Старавойтава),
- Переулок Филиппа Старовойтова (завулак Філіпа Старавойтава),
- Улица Сергея Лисанова (вуліца Сяргея Лісанава),
- Переулок Григория Обелевского первый (завулак Рыгора Абялеўскага першы),
- Переулок Виктора Юртова первый (завулак Віктара Юртава першы),
- Переулок Григория Обелевского второй (завулак Рыгора Абялеўскага другі),
- Переулок Виктора Юртова второй (завулак Віктара Юртава другі),
- Улица Николая Подгурского (вуліца Мікалая Падгурскага),
- 1Улица Григория Обелевского (вуліца Рыгора Абялеўскага).
Меркаванні гараджан прымаюць у пісьмовай форме да 9 кастрычніка 2023 г.:
- 230 023, г. Гродна, пл. Леніна, 2/1 (з пазнакай «вывучэнне меркаванняў грамадзян па пытанні наймення элементаў вулічна-дарожнай сеткі»),
- на e-mail: [email protected].
Што гэта за людзі?
Чым вядомыя людзі, у гонар якіх прапанаваналі назваць новыя вуліцы, напісаў канал Urban Hrodna:
- Віктар Юртаў (1946−1980) — воін-інтэрнацыяналіст, капітан міліцыі, старшы інспертар крымінальнага вышуку УУС Гродна. Яму прысвечана мемарыяльная дошка на доме, дзе ён жыў (Леніна, 30), упамянуты на помніку воінам-інтэрнацыяналістам у скверы на Курчатава.
- Філіп Старавойтаў (1905−1977) — ваенны лётчык-штурмавік, палкоўнік, удзельнік вызваленчых паветраных баёў у раёне Гродна і вобласці ў час Вялікай Айчыннай вайны. Таксама ваяваў у грамадзянскай вайне ў Іспаніі і ў савецка-фінскай вайне. Ганаровы грамадзянін Гродна.
- Сяргей Лісанаў (1967−1987) — сяржант, старшы стралок дэсантна-штурмавой групы пагранічных войск, воін-інтэрнацыяналіст. Яму прысвечана мемарыяльная дошка ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы, упамянуты на помніку воінам-інтэрнацыяналістам у скверы на Курчатава.
- Рыгор Абялеўскі (1925−2023) — палкоўнік пагранічных войскаў у адстаўцы, ганаровы пагранічнік Рэспублікі Беларусь, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Ганаровы грамадзянін Гродна.
- Мікалай Падгурскі - лейтэнант, абаронца Гродзенскай крэпасці ў час Вялікай Айчыннай вайны, апошні абаронца форта № 1. Застраліўся, каб не здацца ў нямецкі палон.
Другая спроба назваць вуліцы
Вясной 2023 года тапанімічная камісія ўжо зацвярджала назвы вуліц для Баранавіч-11. Сем вуліц і тры завулкі там вырашылі назваць у гонар гарадоў-пабрацімаў з Расіі (Волагда, Калінінград, Ухцінск, Хімкі), Азербайджана (Габалін) і Ізраіля (Ашкелон). Цэнтральная вуліца павінна была стаць Пабрацімскай. Рашэнне выклікала крытыку ў незалежных медыя.
Увекавечыць памяць ветэрана Другой сусветнай вайны Рыгора Абялеўскага тады прапанаваў Гродзенскі савет ветэранаў. Ідэю ўнеслі ў банк дадзеных. Яго імем меркавалі назваць адну з вуліц у мікрараёне Грандзічы.
Чытайце таксама: У Калбасіно збудуюць новы квартал. Мусіла быць школа, але выявілася — надта дорага