Гродзенскія архітэктары Аляксандр Штэн і Данііл Ярмолік прапанавалі сваё бачанне цэнтральнай часткі горада. Насупраць аблвыканкама — ратушная вежа з музеем, а паміж плошчамі Леніна і Тызенгаўза — аркада.
Ратушная вежа на плошчы Леніна
Архітэктары лічаць, што на ўскрайку плошчы Леніна, насупраць аблвыканкама, можна пабудаваць вежу. Яна павінна нагадваць гродзенскую пажарную каланчу на вуліцы Замкавай. Маўляў, гэта сваеасаблівая адсылка да гарадскіх тэндэнцый, калі больш старажытная забудова нібыта прабіваецца парасткамі памяці праз наступныя пабудовы.
Унутры вежы прапануюць зрабіць музей, а на верхняй частцы аглядную пляцоўку. Штэн і Ярмолік лічаць, што такая вежа можа стаць сваеасаблівым маяком і арыенцірам для турыстаў.
Чытайце таксама: Глядзіце, як выглядала плошча Леніна 50 гадоў таму
Аркада паміж плошчамі Леніна і Тызенгаўза
Архітэктары прапануюць паміж плошчамі Леніна і Тызенгаўза пабудаваць шэраг арак. Яны павінны быць выгнутымі і сіметрычнымі будынку «крывой афіцыны». На іх думку, гэта зробіць афармленне плошчы Тызенгаўза блізкім да задумак архітэктараў, якія будавалі ансамбль Гарадніцы.
Аркада можа быць не адна
У цэнтры горада аркада можа быць не адна. Другой ахітэктары прапануюць аддзяліць плошчу Леніна ад вуліцы Ажэшкі. А каб надаць плошчы канчатковы выгляд, можна ўзвесці яшчэ адно крыло Гродзенскага гарвыканкама з левага боку будынка.
Акрамя гэтага, Штэн і Ярмолік прапануюць часткова аднавіць квартал, які знеслі падчас будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама. Зараз на яго месцы размяшчаецца паркоўка з газонам. Там можна ўзвесці некалькі будынкаў.
Праекты — тэатральная дэкарацыя
«Абраная спроба — адна з магчымых і не прэтэндуючых на ісціну, больш за тое, даволі ўмоўная. Яна пакуль падобная на тэатральную дэкарацыю і патрабуе дэтальнай прапрацоўкі і асэнсавання», — сказалі архітэктары Аляксандр Штэн і Данііл Ярмолік.
Паводле словаў архітэктараў, фасады будынкаў фармуюцца з простых вертыкальных плоскасцяў, якія падобны па памерах, фактуры, колеры дэкаратыўных элементаў да будынкаў, якія збудавалі ў другой палове 1980-х гадоў.
«З гэтай сваеасаблівай „лушпіны“ нібыта вырастае альбо зазірае стогадовай даўніны забудова характэрная для Гродна з вонкавымі сценамі з глінянай цэглы і скатнымі дахамі».
Чытайце таксама: Хмарачосы, муляжы, шкло і бетон? Што і як будаваць у гістарычным цэнтры Гродна і вакол яго