Навіны

Затрымалі васьмярых, пазбавілі лекаў палітвязня, замянілі калонію на турму. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Як мінімум восем затрыманняў прайшло на гэтым тыдні ў Гродзенскай вобласці. Палітвязень Анджэй Пачобут не атрымлівае лекі для сэрца і не можа тэлефанаваць дадому. Палітвязню Андрэю Сачэўка змянілі меру пакарання — замест калоніі яго адправілі ў турму. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 28 жніўня па 3 верасня.

Затрыманні

  • Намесніка дырэктара ТАА «КліматМайстар» затрымалі за рэгістрацыю ў плане «Перамога». Відэа з затрыманнем з’явілася на канале сілавікоў 31 жніўня. Мужчына гаварыў на відэа па-беларуску.
  • Гродзенская міліцыя затрымала грамадзяніна Туркменістана з відам на жыхарства ў Беларусі. Яго затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў ВКонтакте і абразлівыя для грамадзян Расіі каментары пад публікацыямі ў Instagram.
  • У пункце выдачы Wildberries на рынку «Карона» ў Гродне затрымалі супрацоўніка Дзяніса Швыркіна. У відэа на канале сілавікоў ён кажа, што затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Ролік апублікавалі 3 верасня, але затрыманне, верагодна, адбылося раней. Вядома, што ўжо 30 жніўня Дзяніса судзілі па арт. 19.11 КаАП якраз за «экстрэмізм».
  • Слесар па зборцы металаканструкцый затрыманы ў Гродне. Па словах мужчыны, яго затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацсетках. Таксама ў 2020 годзе ён удзельнічаў у мітынгах і выходзіў на праезную частку са сцягам. Відаць, яго апазналі па фота «Свабоды».
  • На працы ў лесе затрымалі жыхара Свіслачы — майстра ў лясгасе. Ён нібыта знаходзіўся ў «экстрэмісцкіх» Telegram-каналах і напісаў больш за 4000 каментароў. У іх ён нібыта заклікаў да псавання маёмасці супрацоўнікаў міліцыі і негатыўна выказваўся на адрас кіраўніцтва краіны.
  • Затрымалі супрацоўніка «Гродзенскага шклозавода» — за абразлівыя каментары ў адрас кіруючых асоб, размешчаныя ў сацсетках. Сілавікі паведамілі, што змясцілі мужчыну ў ІЧУ.
  • На фестывалі LIDBEER затрымалі наведвальнікаў. 2 верасня на фестывалі LIDBEER каля 18: 00−19: 00 затрымалі двух мужчын 35−40 гадоў. Яны крыкнулі «Жыве Беларусь!». Іх затрымалі амапаўцы і даставілі ў РАУС, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде». Адзін з іх вярнуўся на фестываль і паведаміў, што другому прад’явілі арт.24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» і штраф 500 рублёў. Telegram-канал сцвярджае, што затрыманага на фестывалі будуць судзіць 5 верасня яшчэ і паводле арт.19.11 КаАП у судзе Лідскага раёна. Гэта Юрый Шылкоўскі.

Палітвязень Анджэй Пачобут не атрымлівае лекі для сэрца і не можа тэлефанаваць дадому

Пра гэта намеснік старшыні Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі распавёў radiounet.fm на акцыі салідарнасці ў Беластоку.

«Што тычыцца Анджэя, на жаль, сітуацыя вельмі цяжкая. Наступныя шэсць месяцаў правядзе ў камеры для пакарання, беспадстаўна кінуты туды. Так што сітуацыя пагаршаецца. <…>

Найвялікшая праблема на сёння — гэта адсутнасць інфармацыі, бо да Анджэя не можа трапіць адвакат, не даходзяць лісты, яго пазбавілі магчымасці тэлефанавання дадому. І гэта стварае найвялікшую праблему, бо мы не ведаем, дзе ён цяпер, у якім ён стане і што ўвогуле там з ім дзеецца.

З той інфармацыі, што да нас даходзіць, ён на шэсць месяцаў асуджаны знаходзіцца ў камеры пакарання ў калоніі і не атрымлівае лекі для сэрца, якія патрабуе кожны дзень. Гэта таксама прымушае вельмі непакоіцца".

Анджэй Пачобут. Фота: Аляксандр Саенка, press.pl

Палітвязню Андрэю Сачэўка змянілі меру пакарання — замест калоніі яго адправілі ў турму

На мінулым тыдні адбыўся судовы працэс па пераводзе палітвязня з Гродна на турэмны рэжым. Верагодней за ўсё, далейшае пакаранне ён будзе адбываць у магілёўскай турме № 4, паведамляе MAYDAY TEAM.

У бабруйскай папраўчай калоніі № 2, дзе адбываў свой тэрмін Сачэўка, на яго аказваўся вялікі ціск з боку супрацоўнікаў і адміністрацыі.

Так, у пачатку жніўня мужчыну адправілі ў памяшканне камернага тыпу на два месяцы. Да гэтага Сачаўка пратрымалі 23 сутак у штрафным ізалятары. Яшчэ тады яму заявілі, што на яго будуць ціснуць праз ягоныя «няправільныя погляды».

Андрэй Сачэўка. Фота: «Вясна»

Новыя «экстрэмісты»

Палішэвіч Дзмітрый Генадзевіч, Савашынская Ірына Мікалаеўна, Паўленка Аляксей Мікалаевіч з Гродна, Піцко Людміла Іванаўна з Гродзенскага раёна папоўнілі «спіс экстрэмістаў» 25 жніўня.

Новыя палітвязні

Вячаслаў Янюк з Гродна 1 верасня быў прызнаны палітвязнем. Яго асудзілі на пяць гадоў калоніі за «масавыя беспарадкі» паводле ч.1 арт. 293 КК.

Бондарава прапануе забараніць валошкі

«Інфаказачка» з Гродна Вольга Бондарава знайшла новы сімвал, які палічыла крамольным — валошку. На яе думку, выкарыстанне валошкі як сімвала Беларусі - гэта «наступаць на нацысцкія граблі». Яна нават прапанавала альтэрнатыву.

Іменем Эміля Чачко назавуць вуліцу ў цэнтры Гродна

Безыменны праезд побач з Генеральным консульствам Польшчы ў Гродне атрымае назву. Зараз ён будзе называцца праездам Эміля Чачко. Такое рашэнне прыняў гарадскі Савет дэпутатаў 30 жніўня 2023 года.

Эміль Чэчка. Крыніца: BELTA

«Адкаціліся на 30 гадоў назад». Што здарылася з польскамоўнай адукацыяй на Гродзеншчыне?

У былых польскіх школах у Гродне і Ваўкавыску дзеці могуць вывучаць польскую мову толькі адну гадзіну ў тыдзень. Дом польскі ў Баранавічах, дзе існавала прыватная польская школа, закрыты. Пра праблемы польскай адукацыі ў Беларусі расказала Радыё Ўнэт Ганна Кетліньска, кіраўнічка Падляскага аддзелу арганізацыі «Вспульнота польска», якая шмат гадоў супрацоўнічае і падтрымлівае палякаў у Беларусі.

У Гродне затрымалі супрацоўніцу камітэта судовых экспертыз — падпалкоўніка юстыцыі

У Гродне ўзялі пад варту падпалкоўніка юстыцыі Юлію Колас. Яе абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 КК. Гродзенку 29 жніўня прызналі палітвязняволенай.

Таксама палітвязням прызналі Аляксандра Бірэту — ён асуджаны на два гады калоніі паводле арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады», арт.368 УК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», арт. 188 КК «Паклёп», арт. 367 КК «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Юлія Колас. Фота: sudexpert.gov.by

Прадпрымальніка з Зэльвы асудзілі на тры гады калоніі. Яго збілі пры затрыманні

Зэльвенскага прадпрымальніка і праваабаронцу Віктара Ламеку асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму. Прысуд вынеслі ў судзе Зэльвенскага раёна 31 жніўня. Яго асудзілі за паклёп і абразу на адрас Аляксандра Лукашэнкі па арт.367 КК і арт. 368 КК.

Віктар Ламека. Фота з яго старонкі ВКонтакте

«Нам казалі: „Я падтрымліваю цяперашнюю ўладу“». Як сем «Хранителей» па вечарах ратуюць беларусаў ад крыміналак

Тры месяцы каманда «Хранители» піша сотням беларусаў паведамленні з інструкцыямі, як пазбегнуць пераследу за «палітыку». Гэта ў вольны час робяць сем валанцёраў з гродзенскага рэгіёна — праграмісты, удзельнікі дваровых ініцыятыў, былыя палітвязні. Рэдакцыя Hrodna.life пагаварыла з членамі каманды і распавядае (наколькі гэта магчыма для іх бяспекі), як уладкавана іх праца.

Гродзенцаў пачалі выклікаць у ДФР за данаты ў BYSOL

Сілавікі пачалі выклікаць людзей ва ўпраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў па Гродзенскай вобласці за данаты ў BYSOL праз Facebook. Гэта «тэндэнцыя» рэпрэсій апошніх некалькіх дзён. Пра гэта Hrodna.life падчас інтэрв'ю распавяла ініцыятыва «Хранители».

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Новым замку ў Гродне будзе рамонт: падлога руйнуецца, а на сценах расколіны і грыбок

У Гродне запланавалі бягучы рамонт авальнай залы ў Новым замку. Работы завершаць да канца снежня.…

9 лістапада 2024

У Гродне збіраюцца будаваць новыя інтэрнаты — не хапае кожнаму пятаму іншагародняму студэнту ГрДУ

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Янкі Купалы месцы ёсць для 82,1% тых, каму яны патрэбны,…

8 лістапада 2024

Турыстка прыехала паглядзець на вядомую фотазону Гродна і расчаравалася

Турыстка прыехала ў Гродна і хацела сфатаграфавацца на фоне вядомай гродзенскай фотазоны - гродзенскага ўніверсітэта,…

8 лістапада 2024

У Гродне збіраюць подпісы за кандыдатаў на выбары прэзідэнта. Дзе і што забаронена?

Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт вызначыў месцы, дзе ў Гродне забаронена збіраць подпісы выбаршчыкаў за вылучэнне…

8 лістапада 2024

Карціну з Гродна, напісаную 111 гадоў таму, прадавалі на аўкцыёне за € 3,5 тыс.

Карціну з выявай помніка Антонію Тызенгаўзу ў гродзенскім Фарным касцёле выставілі на польскі аукцыён Onebid.…

8 лістапада 2024

У цэнтры Гродна адкрываецца ўзбекская чайхана

На Карла Маркса, 10 з'явілася чайхана "Халяль" - з мантамі, пловам і лавашам з тандыра.…

7 лістапада 2024