Сілавікі пачалі выклікаць людзей ва ўпраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў па Гродзенскай вобласці за данаты ў BYSOL праз Facebook. Гэта «тэндэнцыя» рэпрэсій апошніх некалькіх дзён. Пра гэта Hrodna.life падчас інтэрв'ю распавяла ініцыятыва «Хранители».
«Гэта, вядома, звязана з данатамі ў BYSOL яшчэ ў 2020 годзе праз Facebook. На гэта цяпер варта звярнуць увагу», — распавялі «Хранители».
Праваабаронцы раяць зачысціць Facebook-акаўнт па метадычцы, якую напісала Кааліцыя пратэстных двароў (КПД).
«Яна вельмі складаная, але варта зрабіць усё па ёй, каб пазбегнуць рызык. Гэта і фінансава малапрыемна — плаціць ад $ 500. І не факт, што на цябе не ўзбудзяць крымінальную справу».
У Мінску за данаты пачалі выклікаць яшчэ ў канцы 2022 года, пісала Zerkalo.io. У спісы трапілі тыя, хто пераводзіў грошы з беларускіх картак. Спачатку ў ДФР і КДБ «узяліся» за айцішнікаў. Каб пазбегнуць пераследу, людзям прапаноўвалі «кампенсаваць» суму даната ў кратным памеры.