Комплекс былога піўзавода стане гастранамічным цэнтрам: тут будуць працаваць 15 рэстаранаў, расказаў старшыня гарвыканкама Андрэй Хмель. Таксама там адкрыюць гатэльны комплекс. Зараз у Гродне не хапае гасцінічных нумароў, прызнаў Хмель.
Гістарычная тынкоўка і медныя шары на вежах
Каб захаваць гістарычную ўнікальнасць аб’екта, працоўныя тынкуюць сцены вапнавай тынкоўкай — як было раней. У будынку ўсталяваны драўляныя вокны, ужо аднавілі вежу, па гістарычных эскізах усталявалі медныя шары са шпілямі на кожнай вежы, піша «Гродзенская праўда» са спасылкай на дырэктара кампаніі-інвестара Аляксандра Шыманчука. На аб’екце паступова накрываюць дах і займаюцца ўсталёўкай вонкавых сетак.
Увесну будаўнікі пачнуць уладкоўваць паркавую зону з тэрасай, якая злучыць турыстычны цэнтр і набярэжную.
Роўных гэтаму аб’екту не будзе нават на прасторах СНД, упэўнены Андрэй Хмель. Комплекс былога піўзавода нясе ў сабе гістарычную каштоўнасць і знаходзіцца на беразе Нёмана, у крокавай даступнасці ад гістарычнага цэнтра Гродна.
Першы будынак адрэканструяванага комплексу былога гродзенскага піўзавода плануюць адкрыць у другой палове 2023 года. Галоўны будынак з барамі, рэстаранамі, фудкортамі і мініброварамі адкрыюць у сярэдзіне 2024 года.
Чытайце таксама:
- На гродзенскім піўзаводзе адкапалі сутарэнні, якіх не было на планах
- Па гродзенскім піўзаводзе зараз можна шпацыраваць у любы час. З’явіўся віртуальны тур
116 інвестпраектаў для горада
Зараз у Гродне малым і сярэднім бізнесам рэалізуюцца 116 інвестпраектаў. Піўзавод — адзін з іх. За апошнія гады ў Гродне ўдалося прадаць аб’екты, якія не выкарыстоўваюцца, на суму 30 мільёнаў рублёў, піша «СБ. Беларусь сегодня». У горадзе значна вырасла колькасць турыстаў. У асноўным зараз яны прыязджаюць з Расіі.
Да 900-годдзя Гродна, праз пяць гадоў, у горадзе з’явіцца прыгожая добраўпарадкаваная набярэжная, разлічваюць гарадскія ўлады.
А вось да гасцініц «Беларусь» і «Гродна» ёсць пытанні. Першую могуць не паспець увесці ў эксплуатацыю сёлета, як планавалася. А на рэканструкцыю другой у кітайскага інвестара, які яе выкупіў, няма грошай. «Калі не будзе атрымлівацца, то неабходна будзе прыняць рашэнне, бо стаіць задача ўвесці гэты аб’ект да юбілею горада», — папярэдзіў старшыня гарвыканкама.