Grunge cafe на Вялікай Траецкай, 28 у Гродне закрылася пасля больш чым года працы. Гэта была пляцоўка, дзе часта адбываліся выставы і тэматычныя сустрэчы.
«Сябры! Па прычынах ад нас незалежных, ART cafe GRUNGE спыняе сваю працу. Хачу падзякаваць усім тым, хто з натхненнем паставіліся да такога крэатыўнага і творчага месца, як нашае кафэ», — напісаў на старонцы кафэ ў Instagram яго стваральнік Павел Станеўскі. «Каля я запускаў гэты праект, ніколі б не падумаў, што ў нас ў Гродне столькі таленавітых, пазітыўных і незвычайных людзей з вялікай колькасцю неверагодных творчых ідэй», — дадаў Павел.
Уладальнік кафэ просіць мастакоў, чые творы выстаўлены ў кавярні, забраць іх да 1 верасня 2023 года.
Чытайце таксама: Замест чыноўнікаў - тусоўшчыкі. У былой адміністрацыі Ленінскага раёна з’явіцца дворык з кафэ
Месца, якому не шанцуе
Grunge cafe адкрылі ў красавіку 2022 года на месцы бара La Bar Storiz. Інтэр'ер быў мінімалістычны, у розных адценнях шэрага. У меню былі кава, гарбата, ліманад, сэндвічы і круасаны.
У кафэ адбываліся выставы гродзенскіх мастакоў і фатографаў, майстар-класы па маляванні і лепцы з гліны. Таксама там праводзілі «Клуб аратараў».
Упершыню кафэ на гэтым месцы адкрылася ў канцы 2018 года. Яго канцэпцыя была — кава і хот-догі. Але яно не пратрымалася і трох месяцаў - уласнік прадаў яго. На тым жа месцы летам 2019 адкрылася кавярня «Za!Varka», назву якой дапамаглі выбраць падпісчыкі ў Instagram. У 2021 установа змяніла назву на LaBarStoriz, але ўжо ў жніўні таго ж года кавярню выставілі на продаж.
Магчыма, фіаска ўсіх кавярняў у гэтым памяшканні звязана з тым, што гэта не самае прахадное і папулярнае месца ў Гродне. Таксама размяшчэнне ў жылым доме не дазваляла ўстанове працаваць даўжэй, чым да 23.00.