У Гродна пачалі ўзводзіць прыбудову — аддзяленне неадкладнай дапамогі ў Гродзенскім клінічным кардыёлагічным цэнтры. Яно будзе абслугоўваць усю Гродзенскую вобласць. А восенню 2023 года пройдзе экспертызу праект новай гарадской бальніцы.
У новым аддзяленні кардыяцэнтра збіраюцца размясціць магнітна-рэзанансны тамограф, кампутарны тамограф, ангіёграф і шокавую аперацыйную для комплекснай дапамогі ў самых цяжкіх і крытычных сітуацыях. Пра гэта расказаў кіраўнік Гродзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік для «БелТА».
Акрамя таго, ужо ў кастрычніку-лістападзе 2023 года пройдзе экспертызу праект будаўніцтва новай бальніцы на праспекце Янкі Купалы. Яе жадаюць пабудаваць замест другой бальніцы. Тая не адпавядае сучасным патрабаванням, і не будзе ім адпавядаць нават пасля рэканструкцыі, прыйшло да высновы кіраўніцтва вобласці. Да таго ж такім чынам атрымаецца не абмяжоўваць аб’ём медыцынскай дапамогі і не ствараць цяжкасцяў для медперсаналу праз рэканструкцыю. Калі новая бальніца будзе гатова, туды проста перавядуць увесь персанал.
Якія яшчэ медустановы мадэрнізуюць
У бліжэйшы час у Гродне збіраюцца пачаць актыўную працу па рэканструкцыі супрацьсухотнага дыспансера. Праект адкарэктаваны, на яго рэалізацыю ўжо вылучылі фінансаванне. Працягваюцца працы на будаўніцтве абласнога анкадыспансера і ў хірургічным корпусе ўніверсітэцкай клінікі.
Таксама ў Гродзенскай вобласці праводзяць маштабны рамонт і мадэрнізацыю дзясяткаў фельчарска-акушэрскіх пунктаў. У той ці іншай ступені рамонтныя працы і пераабсталяванні ідуць у кожным раённым шпіталі.