На месцы былых будынкаў медычнай роты на Фолюшы плануюць стварыць парк з кропкамі для адпачынку і заняткаў спортам. Пяць пабудоваў выставілі на аўкцыён, які адбудзецца 18 верасня 2023 года. Адпаведную інфармацыю апублікаваў Гродзенскі аблвыканкам.
Будынкі на вуліцы Яснапольская, 8 А — Д, плануюць прадаваць паасобку. Цана пабудоваў ад 57,2 да 188,9 тыс. рублёў. Умовы да продажу ўсіх будынкаў адны і тыя ж — стварыць «аб'екты курортна-рэкрэацыйнай, спартовай і турыстычнай інфраструктуры». Там могуць з’явіцца спартовы цэнтр, кропкі з турыстычным абсталяваннем, рэчамі для кемпінгу ці гасцінічныя нумары.
Захаваюць архітэктурныя асаблівасці
Плошча будынкаў ад 500 да 600 кв.м. Іх пабудавалі ў 1916 — 1917 гадах. Паводле дакументаў, яны называюцца «тэрапеўтычнае аддзяленне», «хірургічнае аддзяленне», «будынак склада» і нежылы будынак.
Пакупнік павінен захаваць параметры пабудоваў і не кранаць архітэктурныя і стылістычныя асаблівасці. Праз год ад моманту куплі аб’екта ўладальнік павінен будзе прадаставіць праект рэканструкцыі, а адрэканструяваць і ўвесці ў эксплуатацыю не пазней за тры гады ад моманту набыцця аб’екта
Навошта рэканструяваць будынкі
Паводле праекта забудовы мікрараёна, на Фолюшы плануюць абсталяваць ландшафтна-рэкрэацыйную зону. Будынкі былой медычнай роты павінны стаць часткай будучага парка.
Чытайце таксама: Гой паабяцаў стварыць у новым мікрараёне на Фолюшы «санаторную» атмасферу
Што тут было раней
Раней тут размяшчалася медычная рота шостай механізаванай брыгады. Зараз яна размяшчаецца ў вайсковым гарадку. У медычнай роты былі склады, кухня, лабараторыі, кабінет стаматалогіі. У 2018 годзе для брыгады пабудавалі новы будынак медычнай роты, але ўжо на тэрыторыі новай часткі.
Не ўсе будынкі цалкам закінутыя. У двух будынках памяшканні здаюць у арэнду. У адным займаюцца рамонтам транспартных сродкаў, іншы займае арганізацыя «Адданае сэрца», якая дапамагае бадзяжным жывёлам.
Чытайце таксама: На Фолюшы прадаюць будынкі былых штабоў за менш чым 100 рублёў