Былы інтэрнат Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта па вул. Замкавая, 5 прадалі з шостай спробы. Гродзенскі бізнесмен, які не захацеў апублічваць сваё імя, збіраецца адкрыць у гістарычным будынку вялікі гатэль.
Будынак прадалі на аўкцыёне 17 жніўня, піша «Вячэрні Гродна». Пачатковы кошт быў 1472 тыс. рублёў - палова ад сумы, за якую яго спадзяваліся прадаць першапачаткова. На таргі заявіўся адзін пакупнік, таму ён атрымаў нерухомасць з надбаўкай у 5% да пачатковай цаны — за 1545 тыс. рублёў ($ 484 тыс.).
Пакупнік хоча перабудаваць будынак у вялікі гасцінічны комплекс. Калі гэты план не ўдасца рэалізаваць, там з’явіцца шматфункцыянальны адміністрацыйна-гандлёвы цэнтр. Па ўмовах, увесці ў эксплуатацыю будынак можна не пазней, чым праз чатыры гады пасля падпісання дамовы куплі-продажы. Участак адносіцца да зоны аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Што гэта за будынак?
Будынак перастаў быць інтэрнатам у 2020 годзе. Выкладчыкаў гродзенскага медуніверсітэта перасялілі ў іншае месца з-за непрыдатных умоў пражывання. Упершыню яго выставілі на таргі 15 лістапада 2021 года. Тады за яго хацелі 2 896 381 рубель.
Ёсць некалькі версій, хто і калі пабудаваў будынак на Замкавай, 5. Самая папулярная — што дом з’явіўся ў першай палове ці сярэдзіне XVIII стагоддзі і быў часткай палацавага комплексу Масальскіх. Гэта прадстаўнікі старажытнага роду ВКЛ, займалі ў Гродна важныя пасады.
Апошнія дадзеныя сведчаць, што гэты дом мог наогул не ўваходзіць у комплекс Масальскіх. У пачатку XVIII стагоддзя на гэтым месцы быў палац наваградскага ваяводы Міхала Фаўстына Радзівіла, сцвярджае гісторык Мечыслаў Супрон. Гэта зафіксавана ў плане горада 1753 года. Супрон мяркуе, што палац Радзівіла згарэў падчас аднаго з пажараў, а на яго месцы новыя ўладальнікі ў канцы XVIII стагоддзя ўзвялі іншы дом.
У пачатку XIX стагоддзя ён належаў гарадской казне і здаваўся ў арэнду прыватным асобам. Пасля Першай сусветнай вайны тут праходзілі пасяджэнні Беларускага нацкамітэта. У 20-я гады размяшчаліся гандлёвыя прадстаўніцтвы, яўрэйская школа і клуб яўрэйскай інтэлігенцыі. У 1950 годзе ў будынку адкрылі гандлёва-кулінарную школу, з 1970-х гадоў ён стаў інтэрнатам медінстытута.