У Гродне адрамантуюць лютэранскую магілу-капліцу генерал-маёра Аляксандра Русаў. Гэтым разам там адновяць дэкаратыўныя разеткі і правядуць рэстаўрацыю тынкоўкі. Капліца — частка гісторыка-культурнай каштоўнасці воінскіх могілак на вул. Белуша.
На сценах капліцы адпластавалася тынкоўка, ёсць разбурэнні адмосткі і бетоннага аснавання. Таксама месцамі разбураны цагляны мур. Гэта выявіла пры абследаванні спецыяльная камісія.
Таму на аб’екце правядуць рамонт:
- адрэстаўруюць цагляныя скляпенні сучаснымі матэрыяламі і высакаякаснай тынкоўкай,
- усталююць бартавыя бетонныя камяні,
- атынкуюць унутраныя паверхні сцен і столі,
- зробяць газон,
- адрамантуюць дэкаратыўныя разеткі,
- адрамантуюць прыступкі і заладзяць выбоіны,
- адрэстаўруюць тынкоўку вапнава-цэментавым растворам.
Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка праводзіць запыт цэнавых прапаноў. Работы абыдуцца гарадскому бюджэту ў 26 248 рублёў. Па плане, работы правядуць з 4 верасня па 13 лістапада 2023 года. Да гэтага спрабавалі правесці яшчэ адну дзяржзакупку, але яна не адбылася.
Што ўжо зроблена?
Рамонтам ужо займаліся ў мінулым годзе: аднавілі дах, кладкавыя швы і вадасцёкавую сістэму. Зрабілі адмостку па перыметры капліцы, замянілі страчаныя цагліны на вуглавых карнізах, зашклілі захаваныя металічныя пераплёты вокнаў, адрэстаўравалі металічныя дзверы.
У планах было аднавіць страчаныя каменныя крыжы з ружовага граніту і дэкаратыўныя разеткі з пяшчаніку. Верагодна, разеткі зрабіць у рамках леташніх работ не паспелі. На рамонт выдзелілі грошы ў рамках дзяржпраграмы «Культура Беларусі».
У снежні мінулага года правялі дадатковыя працы.
Чаму пабудову важна захаваць?
Аляксандр Русаў - генерал-маёр, лютэранін, удзельнічаў у Крымскай вайне, кіраваў прыгнётам сялянскіх хваляванняў у Кіеўскай губерні. Быў прызначаны правадыром дваранства Гродзенскага павета. З 1892 года быў членам Гродзенскага павятовага аддзялення Літоўскага епархіяльнага вучэльнага савета.
Верагодна, менавіта ён дапамог гродзенскім лютэранам атрымаць участак па сучаснай вуліцы Белуша пад могілкі, якія з часам зрасліся з суседнімі воінскімі могілкамі. Там і быў пахаваны, над яго магілай узвялі капліцу. Пабудова перажыла савецкі час, калі знішчылі лютэранскую частку могілак, а на часткі пахаванняў збудавалі шматпавярхоўку. Таму, лічаць эксперты, яе важна захаваць.