Навіны

Азотаўцы-экстрэмісты, штрафы экскурсаводам, затрыманне ксяндза. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Асуджаных «азотаўцаў» 11 жніўня ўнеслі ў спіс экстрэмістаў. У Беларусі пачалі штрафаваць экскурсаводаў - у тым ліку, у Лідскім замку. 13 жніўня затрыманы ксёндз Антоній Адамовіч, пробашч касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Першамайску Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 7 па 13 жніўня.

Аляксандра Бірэту асудзілі да двух гадоў калоніі

Суд Гродзенскага раёна 7 жніўня пачаў і скончыў разглядаць крымінальную справу супраць 55-гадовага Аляксандра Бірэты з Верцялішак, паведаміла «Гарадзенская вясна». Суддзя Віталь Сініла прысудзіў абвінавачанаму два гады калоніі агульнага рэжыму. Пракурор запытваў тры гады.

Мужчыну абвінавачвалі па чатырох артыкулах:

  • абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369),
  • паклёп (арт. 188),
  • паклёп у дачыненні да прэзідэнта (арт. 367 ч. 2),
  • абраза прэзідэнта (арт. 368 ч. 1).

Таксама Бірэта, паводле інфармацыі «Гарадзенскай правы», павінен будзе заплаціць былой супрацоўніцы АМАП Марыі Мазуркевіч (цяпер яна старэйшая інспектарка ў АУС) маральную кампенсацыю 1000 рублёў. Мазуркевіч хацела атрымаць удвая больш.

Гродзенскі ўніверсітэт і пракуратура здымаюць фільм пра «злачынствы Арміі Краёвай на Гродзеншчыне»

Здымкі пачаліся каля месяца таму. У пачатку новага навучальнага года плануецца прэм’ерны кінапаказ, паведаміла «Гродзенская праўда».

Фільм рыхтуецца на пляцоўцы студэнцкага медыяцэнтра пры кафедры журналістыкі. Здымаюць яго ў рамках «міждысцыплінарнага навукова-даследчага праекта» пад назвай «Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі». Ініцыятар праекта — пракуратура вобласці.

 — Асноўная мэта нашага праекта — максімальна ўцягнуць студэнцкую моладзь у тэму генацыду беларускага народа. Але зрабіць гэта трэба такім чынам, каб рабяты праз сябе, сваё сэрца прапусцілі тыя сапраўды страшныя падзеі, якія адбыліся на нашай зямлі. [ … ] У рамках рэалізацыі праекта мы ўжо папрацавалі са студэнтамі-юрыстамі, гісторыкамі, а цяпер пачалі сумесную дзейнасць з журналістамі [ … ], — распавёў намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Андрэй Скурат.

Асуджаных «азотаўцаў» 11 жніўня ўнеслі ў спіс экстрэмістаў

Гэта Пагерыло Андрэй Уладзіміравіч, Шэлест Сяргей Сяргеевіч, Жураўко Уладзімір Іванавіч, Цераневіч Валянцін Валянцінавіч з Гродна, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Таксама спіс папоўнілі:

  • Юшкевіч Андрэй Віктаравіч з Мастоўскага раёна,
  • Залушчык Канстанцін Леанідавіч з Ваўкавыскага раёна,
  • Муравінскі Алег Вацлававіч з Ліды.

Праз суд ліквідавалі мясцовы дабрачынны фонд «Крэўскі замак»

Фонд знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі па рашэнні Гродзенскага абласнога суда з 26 чэрвеня.

Арганізацыя працавала ў вёсцы Крэва Смаргонскага раёна з 2005 года. Фонд садзейнічаў захаванню Крэўскага замка, праводзіў летнікі і культурныя мерапрыемствы ў Крэве, археалагічнае вывучэнне гістарычнага цэнтра Крэва.

Затрыманні ў Гродзенскай вобласці

  • 10 жніўня ў Гродне затрымалі мужчыну за абразлівыя каментары ва ВКонтакте, Telegram і Youtube. Мужчына нібыта абразіў Аляксандра Лукашэнку і супрацоўнікаў міліцыі.
  • У Гродне затрымалі дзвюх супрацоўніц «Белдзяржстраху». На камеру супрацоўніца прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» па Гродне распавяла, што была падпісаная на акаўнт у Instagram Zerkalo.io. Яна падпісалася на яго ў 2021 годзе і не ведала, што ён — экстрэмісцкі. Таксама затрыманая вядучы бухгалтар філіяла «Белдзяржстрах «па Гродзенскай вобласці — за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі. Жанчына распавяла, што не ведала, што рэсурсы з’яўляюцца «забароненымі».

Са слоў сілавікоў, супрацоўніц чакае адміністрацыйны пратакол і ІЧУ. Таксама яны паведамілі, што на іх у сілавыя структуры паскардзіліся іх «свядомыя» калегі.

  • Сілавікі сцвярджаюць, што калега затрыманых супрацоўніц «Белдзяржстраху» сама прыйшла ў міліцыю. Яна распавяла, што даведалася пра затрыманні ў галаўным офісе за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пасля гэтага яна праверыла свае сацсеткі і знайшла там некалькі падпісак на экстрэмісцкія каналы. З імі дзяўчына пайшла ў міліцыю. Паводле яе, з ёй правялі прафілактычную гутарку і адпусьцілі.
  • На мінулым тыдні міліцыянты затрымалі на працоўных месцах не менш за тры супрацоўнікі Навагрудскага завода газавай апаратуры. Сярод затрыманых ёсць жанчына. Як паведамляюць праваабаронцам, затрыманні на заводзе адбываюцца амаль кожны тыдзень за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. Супрацоўнікаў прымушаюць здаваць тэлефоны на праверку, паведамляе «Вясна».
  • 13 жніўня затрыманы ксёндз Антоній Адамовіч, пробашч касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Першамайску, Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Сілавікі спрабавалі затрымаць ксяндза ў самім касцёле, але людзі не дазволілі. У Плябані касцёла правялі ператрус. Як стала вядома, яшчэ ў пачатку тыдня ксяндза выклікалі ў сельсавет, там яго дапыталі і забралі на праверку тэлефон, паведамляе «Хрысціянская візія». Ксёндз Антоній Адамовіч — ураджэнец Гродзеншчыны, выпускнік мясцовай духоўнай семінарыі. Ён прыняў сан святара ў лістападзе 2009 года.

Палітвязень Канстанцін Ханін цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю

Канстанцін — жыхар Астраўца, працаваў таксістам у Мінску. Яго прысудзілі да 2,5 гадоў калоніі за каментар у інтэрнэце па арт.130 КК (распальванне варожасці або варажнечы). У чэрвені палітвязень выйшаў на волю з ПК № 3, цалкам адбыўшы тэрмін, паведамляе «Вясна».

Канстанцін Ханін. Фота: «Вясна»

У Беларусі пачалі штрафаваць экскурсаводаў

У Беларусі пачалі штрафаваць экскурсаводаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць з парушэннем новых патрабаванняў. Так, кожны экскурсавод і гід-перакладчык павінен мець акрэдытацыю і працаваць па маршруце і па тэксце, узгодненаму адпаведнай камісіяй.

Першых парушальнікаў «ловяць» пакуль на буйных аб’ектах — Брэсцкая крэпасць, Нясвіжскі і Мірскі замкі, паведамляе racyja.com.

У Гродне прызначаны новы начальнік штаба — першы намеснік камандуючага войскамі ЗАКа

У 6-ай асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе новыя прызначэнні. Камандзіра часткі палкоўніка Аляксандра Лаўрэнава перавялі на пасаду начальніка штаба — першага намесніка камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання, паведамляе «Гродна Плюс».

Абавязкі камандуючага 6-ай асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады ўскладзены на Руслана Главацкага.

На польскіх могілках у Гродне прыбралі некалькі памятных табліц

Пра гэта два гады прасіла актывістка Вольга Бондарава.

На вайсковых могілках у Гродне ёсць пахаванні польскіх, нямецкіх і расійскіх жаўнераў. Польскія адносяцца да савецка-польскай вайны, іншыя да Першай сусветнай. Таксама на могілках пастаўлены помнік рэпрэсаваным польскім афіцэрам з памятнай шыльдай, аднак цяпер шыльду знялі, прыкрыўшы гэтае месца вянком, паведамляе «Свабода».

Верагодна, у палітвязня Дзяніса Івашына адабралі тры ружанцы для малітваў

У лісце жонцы Вользе Івашынай ён папрасіў даслаць яму ружанец. «Сонейка мае, калі атрымаецца, дашлі мне, калі ласка, ружанец (так, паноўна патрэбна гэта зрабіць) для малітваў. Яго можна будзе ўкласьці ў речевую посылку або ў бандероль. След высьвятліць, ці можна мне дасылаць сюды рэлігійную літаратуру. Файна было б мець Біблію, укладзеную нашай, матчынай моваю. <…>».

Гэта ўжо чацвёрты раз, калі Дзяніс яго просіць даслаць яму ружанец. «Куды падзеліся папярэднія, ня ведаем, бо, пэўна, сказаць тое ён ня можа. <…> І Біблію мы Дзянісу таксама перадавалі. Баяцца дэманы Слова Божага, ня йначай 🙂», — напісала яго жонка Вольга. Яна лічыць гэта парушэнне свабоды веравызнання.

Таксама Дзяніс аформіў падпіску на дзяржаўныя газеты і часопісы.

Вольга і Дзяніс Івашыны ў дзень шлюбу — 20 ліпеня 2019 года. Фота: прадастаўлена гераіняй

У МУС растлумачылі, як трэба апавяшчаць аб замежных дакументах

Папраўкі ў закон «Аб грамадзянстве» — пра неабходнасць беларусаў інфармаваць улады аб сваіх замежных дакументах — уступілі ў сілу з 11 ліпеня. МУС выпусціла інструкцыю аб тым, як менавіта гэта трэба рабіць. Яна тычыцца як грамадзян, якія пастаянна жывуць у Беларусі, так і тых, хто жыве за мяжой.

Караеў можа стаць новым міністрам спорту

Дзейсны міністр спорта Сяргей Кавальчук можа ў хуткім часе страціць пасаду. Яго месца зойме Юрый Караеў. «Чакаем, што будзе новы міністр. Рыхтуемся да Караева», «Што Караеў будзе, то чулі. Ну, а што? Палкоўніка на генерала памяняем, можа сфера рване наперад», — такія паведамленні журналісты атрымалі ад чыноўнікаў сярэдняга звяна, якія ўзначальваюць арганізацыі, падпарадкаваныя Мінспорту.

Юрый Караеў. Фота АНТ

Вярнуцца ў жыццё і стаць «Вольным»: з’явілася ініцыятыва для адаптацыі былых палітвязняў

Новая ініцыятыва «Вольныя» дапамагае былым палітвязням, якія ўжо выйшлі на волю. Гэта могуць быць і тыя палітвязні, хто цалкам адбыў свой тэрмін, і тыя, што атрымалі «хатнюю хімію», хто з’ехаў з Беларусі і хто застаўся. Незалежна ад таго, дзе знаходзіцца чалавек геаграфічна, яму дапамогуць вярнуцца да паўнавартаснага жыцця. Падтрымку аказваюць анлайн. Адным з экспертаў ініцыятывы стаў былы палітвязень з Гродна Зміцер Фурманаў.

Ментар-эксперт і былы палітвязень Зміцер Фурманаў. Крыніца: «Вольныя»

Польшча перакіне на мяжу з Беларуссю 10 000 вайскоўцаў

Польшча плануе размясціць на мяжы з Беларуссю 10 тыс. вайскоўцаў. Акрамя гэтага, там разглядаюць пытанне аб закрыцці ўсіх пунктаў пропуска на мяжы Польшчы і Беларусі. Пра гэта паведаміў міністр абароны Польшчы Марыюш Башчак.

Апошнія запісы

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024

«Ледзь галаву не адрэзала». Байкеры ў лесе Гродна знайшлі пастку з дроту — у справу ўмяшалася міліцыя

Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…

20 лістапада 2024