Участак плошчай 1 га на вуліцы Дубко каля OldCity, дзе планавалі пабудаваць гандлёвы цэнтр, выставілі на аўкцыён. Адпаведную інфармацыю размясцілі на сайце Гродзенскага цэнтра нерухомасці. Папярэдні інвестар не выканаў патрабаванні.
Новая цана ўчастка — амаль 156 тыс. рублёў. У Гродзенскім цэнтры нерухомасці зараз рыхтуюць дакументы да паўторнага аўкцыёна. Дата таргоў пакуль невядома.
Участак размяшчаецца побач з гандлёвым цэнтрам OldCity на вуліцы Дубко. Зараз на гэтым месцы знаходзяцца СТА, аўтамайстэрні і шынамантажы. Усяго плануюць знесці шэсць пабудоваў. Вышыня новага будынка не павінна перавышаць 16 м.
Яшчэ вясной у будучы ГЦ шукалі арандатараў
Гэты надзел прадалі з аўкцыёна ў 2021 годзе за 17,6 тыс. рублёў. Яго набыў гродзенскі бізнесовец, які валодае шэрагам аб’ектаў дзелавой нерухомасці ў цэнтры Гродна. Ён павінны быў знесці аўта-гарадок і ўзвесці на гэтым месцы трохпавярховы аб’ект грамадскага прызначэння плошчай больш за 10 тыс. кв.м.
Вясной 2023 года стала вядома, як выглядае праект новага гандлёвага цэнтра. Для памяшканняў ГЦ ужо шукалі гаспадароў. Там планавалі размясціць харчовую краму і гандлёвыя буцікі на першым паверсе, на другім — аб’ект грамадскага харчавання і іншыя гандлёвыя памяшканні. Акрамя гэтага, там збіраліся адкрыць салон прыгажосці, салярый, масажны кабінет, дзіцячы пакой для гульняў. На трэцім паверсе планавалі размясціць офісы.
Чытайце таксама: Новы гандлёвы цэнтр каля Old City пачнуць будаваць ужо сёлета. Як ён будзе выглядаць?