Кавярню-пякарню “The Big Easy” адкрылі ў Гродне на вуліцы Найдуса, 1 на першым паверсе гандлёвага цэнтра ABC. Яе пазіцыянуюць як “кавярню Новага Арлеана” – з джазам і свежаабсмажанай кавай.

Паглядзець, як смажаць каву і пакаштаваць выпечку з печы: на Найдуса адкрылі кавярню ў амерыканскім стылі
Кавярня-пякарня The Big Easy. Coffee Roasters. Крыніца: citymix.by

Кавярня-пякарня “The Big Easy. Coffee Roasters” працуе ў тэставым рэжыме з 15 ліпеня 2023 года. Там можна паглядзець, як абсмажваюць каву і набыць зерне дадому, прадэгуставаць розныя гатункі кавы і віды абсмажвання, а таксама пакаштаваць выпечку з печы.

Уладальнік кавярні – амерыканец. Ён стварыў установу з канцэпцыяй “кавярня Новага Арлеана”. Адна з частак гэтай канцэпцыі – джазавая музыка ў фоне.

Кавярня працуе з панядзелка па нядзелю з 10:00 да 22:00.

Што ёсць у меню і колькі гэта каштуе

У меню ёсць аўтарская кава The Big Easy і Lafayette – яна каштуе 7,95 рублёў. Калі набываць каву з выпечкай, то цана будзе ніжэй – 6,95. Аўтарская кава Black Beard – 8,96 рублёў і 7,95 рублёў з выпечкай. Сярод выпечкі прапануюць маффіны, круасаны, пальм’ё, эскарго, а таксама брыёш. 

Паглядзець, як смажаць каву і пакаштаваць выпечку з печы: на Найдуса адкрылі кавярню ў амерыканскім стылі
Выпечка ў кавярні-пякарні The Big Easy. Coffee Roasters. Крыніца: citymix.by

Кава на аснове малака альбо чорная кава каштуе ад 4,96 да 6,95 рублёў. Дадаткова можна папрасіць кляновы сіроп за два рублі ці какосавае альбо міндальнае малако за 1,5 рублі. 

Таксама ў кавярні прапануюць гарбаты, какавы, фрэшы, халодную каву і мілкшэйкі. У будучыні меню плануюць пашырыць – дадаць абеды.

Якія яшчэ ўстановы адкрылі ў Гродне ў ліпені

У ліпені 2023 года на вуліцы Дзяржынскага, 12, насупраць Цэнтра занятасці, адкрылі шаўрмічную Vgorode. Асноўны акцэнт установы – на халялі. 

У сярэдзіне месяца адкрылі новы рэстаран “Наше дело” ў дворыку на Вялікай Траецкай, 37. Установу адкрылі стваральнікі PUNK ROLL і «Лаўка шэфа» — Сяргей Махаўцоў і калегі. Новае месца спецыялізуецца на італьянскай кухні.

Якія бары і рэстараны рыхтуюць да адкрыцця

На вуліцы Савецкай, 25 рыхтуюць да адкрыцця марціні бар Mama Cherry Martini Bar. Ён будзе размяшчацца ў суседнім памяшканні з кафэ «Поляна City» – ва ўстановаў адзін уласнік. У марціні бары Mama Cherry можна будзе паесці, выпіць кактэйль і пакурыць кальян. Таксама абяцаюць DJ-сэты.

На Замкавай плануюць адкрыць рэстаран у фларэнтыйскай стылістыцы Boboli. Уласнікі пазіцыянуюць месца як нэабістро. Зараз у памяшканні ідзе рамонт і падрыхтоўка персанала.