З вясны 2023 года актывісты пачалі кампанію, каб аднавіць доступ да дзяржаўных сайтаў з-за мяжы. Праз сем петыцый некаторыя сайты сталі даступныя. Паспрыяла гэтаму праца “камісіі па вяртанні”. Гісторыю поспеху распавядае ipetitions.by.
Сайты некаторых беларускіх дзяржорганаў і дзяржарганізацый сталі недаступныя з-за мяжы з вясны 2022 года. Так улады спрабавалі засцерагчыся ад DDoS-нападаў, якім яны падвергліся ад хакераў у пачатку вайны ва Украіне. Сярод заблакаваных з-за мяжы сайтаў – сайт МУС, Генпракуратуры, сайты дзяржзакупак. Для гродзенцаў доўгі час былі недаступныя сайты Гродзенскага гарвыканкама і газеты «Гродзенская праўда».
Аб аднаўленні доступу да часткі сайтаў распавялі эмігранты з Літвы і Польшчы. «У мяне ў Беларусі засталіся бацькі, я плачу там падаткі дагэтуль, з’яўляюся грамадзянкай краіны. На якіх падставах мяне пазбавілі магчымасці атрымліваць звычайную, неабходную для дзелавой перапіскі з чыноўнікамі інфармацыю? < … > І ўжо прабачце, але прама як у рэкламных роліках, я „была прыемна здзіўленая“, калі ўжо праз месяц доступ зноў адкрылі…», — распавяла Наталля.
Ніводная з дзяржструктур, рэагуючы на афіцыйны запыт, не пацвердзіла самога факту наўмыснага блакавання.
Як знайсці беларускі VPN
Паспрыяла “камісія па вяртанні”
Першая петыцыя з’явілася ў лютым 2023 года, калі дзяржпрапаганда заклікала беларусаў ісці ў «камісію вяртання». Актывісты ў адказ напісалі петыцыю ў Генпракуратуру з просьбай аднавіць доступ да яе сайту з-за мяжы. Яны адзначылі, што сам інтэрнэт-рэсурс, на які па задумцы ініцыятараў стварэння «камісіі па вяртанні» павінны ісці лісты ад раскаяных, заблакаваны для карыстальнікаў, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі.
Адказ на гэты зварот прыйшоў 3 сакавіка. У ім гаварылася, што звароты ў камісію могуць быць накіраваныя па паштовым адрасе, у электроннай форме або ў Telegram-бот. Але адразу пасля з’яўлення гэтага ліста сайт сапраўды стаў даступны.
Якія яшчэ петыцыі стваралі?
Магілёўскі гарвыканкам
Аўтары петыцыі ў красавіку адзначылі, што “сітуацыя стварае значны бар’ер для многіх грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой”.
Адказ з гарвыканкаму прыйшоў 23 траўня. У ім намеснік старшыні піша, што “абмежаванні ў налады сайта не ўносіліся. Для аператыўнага вырашэння пытанне было накіраванае ў ТАА “Беларускія воблачныя тэхналогіі”, у падпарадкаванні якога знаходзіцца забеспячэнне даступнасці сайта. Хостынг-правайдэрам ТАА “Беларускія воблачныя тэхналогіі” забяспечаны доступ да сайта за межамі РБ. Разам з тым, магчымыя абмежаванні доступу да сайта з боку хостынг-правайдэраў асобных краін”. Праз некалькі дзён доступ да сайта быў цалкам адноўлены.
Мінаблвыканкам
“Грамадзяне Беларусі маюць доступ да сайта Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Аднак у цяперашні час доступ з-за мяжы немагчымы па тэхнічных прычынах. Інфармацыя аб развіцці Мінскай вобласці даступная на партале mlyn.by для грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой”, – паведамілі ў адказе. Сайт даступны з перабоямі.
Жлобінскі райвыканкам
“Сайт Жлобінскага райвыканкама адпавядае патрабаванням пастановы Савета Міністраў “Аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый, і функцыянуе ў рамках дзеючага заканадаўства”, — адказалі ў райвыканкаме. Гэты адказ збіраюцца абскардзіць.
Міністэрства юстыцыі, Добрушскі райвыканкам і Хойніцкі райвыканкам
Адказы на гэтыя звароты яшчэ чакаюць.
Гэта – яшчэ адно парушэнне правоў беларусаў
– Права на доступ да інфармацыі рэгулюецца артыкулам 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з ёй грамадзянам нашай краіны гарантуецца права на атрыманне поўнай, дакладнай i своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя. Пры гэтым дзяржаўныя органы і службовыя асобы абавязаны даць грамадзянам магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць іх правы і законныя інтарэсы, — распавёў юрыст Сяргей Зікрацкі.


