Гродзенцы стварылі петыцыю, каб дамагчыся тлумачэнняў ад чыноўнікаў з Гродзенскага гарвыканкама: куды і чаму знік знак паўстанцам 1863 года на чыгуначным вакзале ў Гродне. Зварот размясцілі на сайце ipetitions.by. Станам на раніцу 25 ліпеня 2023 года яго падпісалі 22 чалавекі.
Падпісацца пад петыцыяй можна да 30 ліпеня 2023 года. Праз петыцыю гродзенцы пытаюцца ў чыноўнікаў з Гродзенскага гарвыканкама:
- Па якой прычыне быў дэмантаваны памятны знак паўстанцам 1863 года?
- Дзе знак знаходзіцца зараз?
- Які яго лёс, дзе і калі ён будзе ўсталяваны ў выніку?
- Паколькі ўсе дакументы па памятных дошках і помніках па законе павінны праходзіць праз Міністэрства культуры, мы хочам ведаць, згодна якому рашэнню Міністэрства быў дэмантаваны памятны знак паўстанцам 1863 года?
Што адбылося?
20 ліпеня 2023 года стала вядома, што з будынка гродзенскага чыгуначнага вакзала знiк памятны знак паўстанцам 1863 года. Замест яго з’явілася шыльда, прысвечная савецкім падпольшчыкам часоў Другой сусветнай вайны.
«Са снежня 1941 года па ліпень 1944 года на станцыі Гродна дзейнічалі падпольныя групы пад кіраўніцтвам чыгуначнікаў Багатырова М.М., Святлічнага Г.І., Панасюка С.П.», — напісана на новай шыльдзе.
Знікламу памятнаму знаку — 30 гадоў
Памятны знак з дуба, прысвечны паўстанцам 1863 года, быў усталяваны на чыгуначным вакзале 30 гадоў таму. Яго аўтар — гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў.
Чытайце таксама: У Гродне прыбралі памятны знак паўстанцам Каліноўскага. Чым яго замянілі?