Навіны

Палітвязень тройчы ў ШІЗА, самагубства чыноўніка, затрыманне «патрыёта». Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Баранавіцкі палітвязень Уладзімір Гундар ужо тройчы ў калоніі адседзеў у ШІЗА. У Мастоўскім райвыканкаме пацвердзілі факт самагубства чыноўніка. У Гродне затрымалі хлопца-патрыёта з нацысцкай татуіроўкай «Чорнае Сонца». Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 17 па 23 ліпеня.

У Гродне зноў судзяць бізнесмена Віктара Рукшу

Верагодна, яго справу пачалі пераглядаць. Суд па арт. 243 ч.2 КК «Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў (рэдакцыя страціла сілу 26.05.2021)» і арт. 424 ч. 3 КК «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» пачнецца 17 ліпеня ў судзе Кастрычніцкага раёна. Справу разглядае Дзмітрый Кедаль.

Раней яго асудзілі на 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён павінен пагасіць нібыта нанесеную дзяржаве шкоду. Суд пачаўся ў траўні 2022 года і доўжыўся амаль год. Пазней па запыце дзяржабвінаваўцы прайшло абскарджанне ў Гродзенскім абласным судзе.

Новая экстрэмісцкая інфармацыя

Суд Ленінскага раёна Гродна 12 ліпеня прызнаў экстрэмісцкай прадукцыяй:

  • Старонку ў «Одноклассники» «Навакольнае асяроддзе»,
  • Telegram-канал «daroha»,
  • Telegram-чат з назвай «daroha Chat»,
  • Youtube-канал «daroha»,
  • Старонку ў Instagram «daroha.by»,
  • Старонку ў Twitter «daroha»,
  • Старонку ў Facebook «Daroha Via,
  • Акаунт «daroha» ў TikTok,
  • Акаунт «vy_toki» ў TikTok,
  • Суполку ў Facebook «Скажы НЕ Сiстэме!»,
  • Лагатып «daroha» — дзве чорныя акружнасці, усярэдзіне якіх знаходзіцца сілуэт чорнага колеру мужчыны ў капелюшы з барадой, вусамі і маскай у вобласці вачэй,
  • Лагатып «ЧБ» — чорная акружнасць, усярэдзіне якой у левай палове знаходзіцца літарнае пазначэнне «Ч» белага колеру на чорным фоне, а ў правай палове літарнае абазначэнне «Б» чорнага колеру на белым фоне.

Мужчыну асудзілі на год калоніі за інтэрнэт-каментар у дачыненні да міністра МУС і яго сына-міліцыянта

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 15 траўня асудзілі Аляксандра Баравіка паводле арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады». Суддзя Дзмітрый Кедаль прызначыў Аляксандру адзін год калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 50 базавых велічынь (1850 рублёў), паведамляе «Вясна».

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён, на думку суда, пакінуў абразлівы каментар у Telegram у дачыненні да міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова і намесніка начальніка УУС адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, начальніка крымінальнай міліцыі Уладзіміра Кубракова. Аляксандр цалкам прызнаў віну і раскаяўся ва ўчыненым. Да суда мужчына знаходзіўся пад асабістым паручыцельствам. Пасля абвяшчэння прысуду яго ўзялі пад варту ў зале суда.

Аляксандр Баравік мае на ўтрыманні непаўналетняе дзіця. Працуе сталяром-станочнікам.

Новыя «палітвязні»

Дзяніс Салагуб з Гродна і Сяргей Кемеж, які адбывае пакаранне на «хіміі» ў Лідзе, прызнаныя палітвязнямі.

Баранавіцкі палітвязень Уладзімір Гундар ужо тройчы ў калоніі адседзеў у ШІЗА

У лісце сваякам ён папрасіў не высылаць яму рэчавую пасылку ў калоніі, а адразу ў турму. Гэта значыць, ён рыхтуецца да ўзмацнення пакарання. Калі будуць пераводзіць у турму, то падчас этапу з гэтымі рэчамі будзе цяжка.

Уладзімір Гундар у бабруйскай калоніі № 2 ужо тры разы быў змешчаны ў ШІЗА: на чацвёра, трое і шасцёра сутак. Палітвязень пачаў адбываць пакаранне ў калоніі зусім нядаўна, так што тры разы трапіць у ШІЗА — нетыпова, паведамляе «Вясна Брэст».

Уладзімір Гундар. Фота: «Вясна»

У Мастоўскім райвыканкаме пацвердзілі факт самагубства чыноўніка

Увечары 12 ліпеня скончыў жыццё самагубствам намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама Міхаіл Жук. Як паведамляў BelPol, чыноўнік застрэліўся з паляўнічай стрэльбы. На цырымоніі развітання Жук быў у закрытай труне.

З сайта райвыканкама прыбралі імя мужчыны. «Свабодзе» ў Мастах пацвердзілі факт самагубства.

Намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама Міхаіл Жук. Фота: адкрытыя крыніцы

Палітвязня Андрэя Сачэўку пратрымалі 23 сутак у ШІЗА і адпраўляюць у памяшканне камернага тыпу за «няправільныя погляды»

Палітвязень з Гродна Андрэй Сачэўка 19 чэрвеня трапіў у штрафны ізалятар у бабруйскай ПК-2 за тое, што адмовіўся выносіць смецце (такім чынам адміністрацыя калоніі спрабавала «панізіць статус» палітвязня), паведамляе MAYDAY TEAM.

Калі 10-дзённы тэрмін знаходжання ў ШІЗА падыходзіў да канца, Сачэўку накінулі яшчэ адно дысцыплінарнае спагнанне — за тое, што ляжаў у ізалятары на падлозе. У выніку ў атрад Андрэй Сачэўка вярнуўся 12 ліпеня. Паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, палітвязня плануюць перавесці ў памяшканне камернага тыпу праз «няправільныя погляды».

Андрэй Сачэўка. Фота: «Вясна»

Гродзенца ўзялі пад варту за здзек з дзяржсцяга

24-гадовага гродзенца абвінавацілі ў здзеку з дзяржсімволікі, паведамляе БЕЛТА. Хлопец раней судзімы.

У ноч на 25 чэрвеня 2023 года гродзенец выпіў і ў кампаніі сяброў праходзіў па вул. Ліможа. Убачыўшы на фасадзе інтэрната чырвона-зялёны сцяг, мужчына схапіў яго за палотнішча, сарваў з металічнага кранштэйна і кінуў на зямлю. Мужчына ўцёк, але неўзабаве яго знайшлі.

Палітзняволены Дзяніс Івашын здолеў пазваніць жонцы

«Дзень сёньня зранку выдаўся цудоўным. Пачаўся ён з… нечаканага тэлефанаваньня Дзяніса Івашына! Мы здолелі паразмаўляць усяго пару хвілінаў праз тэхнічныя складанасьці з майго боку. Але ж Дзяніс пасьпеў павіншаваць мяне з заўтрашнімі ўгодкамі нашага шлюбу й сказаць, што я — усё самае дарагое й важнае ў яго жыцьці! 🙂. Я пасьпела яшчэ раз яго павіншаваць з Народзінамі, бо мой віншавальны ліст Дзяніс пакуль не атрымаў», — напісала яго жонка Вольга Івашына 19 ліпеня.

На тэлефанаванне вязень турмы Жодзіна мае да 15 хвілін. Дзяніс зможа званіць сваякам раз на месяц. «Голас у Дзяніса быў, як звычайна, аптымістычны й баявы, як і ягоны настрой. Ён даведаўся трошкі навінаў пра нас, пра свайго абаронцу ды нашае лецішча, то, пэўна, застаўся задаволеным», — напісала Вольга.

Да гэтага больш за 60 дзён блізкія не атрымлівалі лісты і званкі ад палітзняволенага. З 19 чэрвеня ён знаходзіцца ў турме Жодзіна.

Вольга і Дзяніс Івашыны ў дзень шлюбу — 20 ліпеня 2019 года. Фота: прадастаўлена гераіняй

Артура Жвірыдоўскага ў бабруйскай калоніі змяшчаюць у ШІЗА і пазбаўляюць званкоў

З красавіка пачаўся ціск і пастаянныя пасадкі ў ШІЗА і пазбаўленне званкоў родным — з ШІЗА яны не дазволены. Прычыны гэтага невядомыя, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

З 13 чэрвеня мужчына пачаў адбываць чарговыя 20 сутак у ШІЗА. Пазней прызначылі яшчэ 10. Сябры асцерагаюцца, што яго рыхтуюць да адпраўлення ў ПКТ, пераводу ў турму або арт.411 КК. Да гэтага ў яго было кароткатэрміновае спатканне з мамай. Лісты яму даходзяць дрэнна — нават ад родных. У калоніі мужчына схуднеў.

Артур Жвірыдоўскі. Фота: «Вясна»

Паўлу Мажэйку і Юліі Юргілевіч не вынеслі прысуд. Справу працягваюць у закрытым рэжыме

Чакалася, што 20 ліпеня яны выступяць з апошнім словам. Але пракурор нечакана запатрабаваў далучыць да справы скрыншоты каментароў у інтэрнэце, атрыманых праз КДБ. У сувязі з гэтым працягнуць судовае пасяджэнне — у закрытым рэжыме. Маўляў, спатрэбіцца каментар спецыяліста па бяспецы адносна гэтых скрыншотаў, а закрыты рэжым трэба, каб захаваць таямніцу яго асобы, паведамляе «Новы час».

Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч. Фота: БелТА

Затрымалі хлопца, які ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020-м годзе

Таксама ён нібыта заклікаў да гвалту над супрацоўнікамі АМАП і міліцыі, прапаноўваў будаваць барыкады з «табакерак», адбіраць спецсродкі ў супрацоўнікаў і ўжываць супраць іх, абліваць супрацоўнікаў фарбай і зялёнкай.

Затрыманы ў Гродне ў ліпені. Скрыншот Hrodna.life

У Гродне затрымалі кухара-сушыста

Мужчына распавёў, што ў 2020-м годзе прапаноўваў закідваць супрацоўнікаў міліцыі кактэйлямі Молатава і адпраўляў інструкцыю па іх вырабе сябрам. Яго змясцілі ў ІЧУ.

Затрыманы кухар-сушыст. Скрыншот Hrodna.life

У Гродне затрымалі хлопца з татуіроўкай «Чорнае Сонца»

Хлопец распавёў, што зрабіў татуіроўку каля двух гадоў таму, думаючы, што гэта старажытны славянскі абярэг. Ён паведаміў, што гатовы панесці пакаранне.

«Я ніколі не прытрымліваўся нацысцкай ідэалогіі і катэгарычна супраць яе. Я выдатна памятаю ўрокі гісторыі ў дзіцячым доме, ведаю і разумею, што нацысты зрабілі з нашымі продкамі. Я ніколі не прытрымліваўся апазіцыйных поглядаў і заўсёды быў, і буду патрыётам сваёй Радзімы», — сказаў хлопец.

Сілавікі адзначаюць, што гродзенец — спартовец, не ўжывае алкаголь і не паліць, працуе на заводзе, падтрымлівае Беларусь і любіць публічна насіць дзяржаўную сімволіку.

Затрыманы патрыёт з татуіроўкай. Скрыншот Hrodna.life

Новыя «экстрэмісты»

Абозны Павел Уладзіміравіч з Гродна і Якімаў Васіль Міхайлавіч з Астравецкага раёна 21 ліпеня папоўнілі спіс «экстрэмістаў».

На БелАЭС стварылі атрад спецыяльнага прызначэння — для барацьбы з дыверсантамі

Батальён, які знаходзіцца на ахове БелАЭС, ператвораны ў батальён спецыяльнага прызначэння. Дадатковыя падраздзяленні з’явіліся на «небяспечных кірунках»: у памежжы і на стратэгічных аб’ектах, паведамляе «Ашмянскі веснік».

Пяць новых падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння будуць высочваць і знішчаць дыверсійныя групы, незаконныя ўзброеныя фармаванні, весці контртэрарыстычную дзейнасць.

На ўзбраенні ёсць спецыяльная тэхніка і абсталяванне: цеплавізары, акустычныя прыборы, разведвальныя, ударныя дроны і дроны-камікадзэ.

Новае падраздзяленне спецназа на БелАЭС. Фота: «Ашмянскі веснік»

Прызначаная дата апеляцыі па справе «Рабочага руху»

Вярхоўны суд 28 ліпеня будзе разглядаць апеляцыйныя скаргі палітвязняў. Рашэнне будзе прымаць суддзя Уладзімір Давыдаў, паведамляе «Вясна».

Прысуд вынеслі ў Гомельскім абласным судзе 17 лютага. Дзесяць палітвязняў былі асуджаныя на тэрміны ад 11 да 15 гадоў калоніі.

Асудзілі ў тым ліку супрацоўнікаў «Гродна Азот» і «Хімвалакно».

  • Сяргея Шэлеста — 14 гадоў калоніі,
  • Уладзіміра Жураўко — 15 гадоў калоніі,
  • Андрэя Пагерыла — 14 гадоў калоніі,
  • Валянціна Цярэневіча — 12 гадоў калоніі.
Суд па справе «Рабочага руху». Фота: «СБ. Беларусь сегодня»

Праўладныя актывісты правялі пікет ля Генеральнага консульства Польшчы ў Гродне

На Аўгустоўскім канале прыпынілі шлюзаванне. Некалькі дзён там падае ўзровень вады. Беларускія прапагандысцкія крыніцы абвінавачваюць у абмяленні трансгранічнай воднай сістэмы Польшчу. Польшча ж бачыць праблему ў халатнасці супрацоўнікаў на беларускім баку памежнага шлюза Кужынец і дрэннай камунікацыі.

«Відавочна, што вырашыць пытанне можна толькі сумеснымі намаганнямі, адсунуўшы ўсе палітычныя моманты», — прапануе «Гродзенская праўда».

Пікет ля генконсульства Польшчы. Фота: «Гродзенская праўда»

Бондарава хоча сцерці памяць пра Каліноўскі і Касцюшку і ваюе з «Еўраоптам»

Праўладная актывістка з Гродна Вольга Бондарава прымусіла гродзенскія ўлады прыбраць са спісу знакавых для горада персон нацыянальных герояў Кастуся Каліноўскага і Тадэвуша Касцюшку. У сваіх пастах яна здзекуецца з працаўнікоў культуры. Адначасова Бондарава абвесціла вайну «Еўраопту»: у рэкламе бонсцікаў знайшла прапаганду ЛГБТ, а саліста гурта «Дразды», які таксама задзейнічаны ў рэкламе сеткі, палічыла «змагарам-дзяржпераваротчыкам».

У Гродзенскай вобласці за адзін дзень пройдзе сем працэсаў за распаўсюджванне экстрэмізму

У судах Гродзенскай вобласці 21 ліпеня пройдзе як мінімум сем працэсаў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Людзей судзяць паводле арт.19.11 ч. 2 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць».

Актывістка з Гродна памерла ў шпіталі пасля пасяджэння над Мажэйкам і Юргілевіч

Гродзенскую актывістку Святлану Рынкевіч пасля паседжання над палітзняволенымі 20 ліпеня забрала хуткая дапамога. Ноччу Святлана памерла ў шпіталі. Аб гэтым паведаміла жонка Паўла Мажэйка Ірына Чарняўка.

Святлана Рынкевіч. Фота: Facebook Ірыны Чарняўкі

У Лідзе затрымалі ксяндза

У Лідзе затрымалі ксяндза Андрэя Зноску. Гэта адбылося 19 ліпеня 2023 года. Прычына затрымання і месца знаходжання святара невядомыя. Андрэй Зноска — пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў лідскім мікрараёне «Маладзёжны». Акрамя гэтага, ён кансультант Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі па юрыдычных пытаннях і эксперт у кананічным праве. У парафіі Божай Міласэрнасці Зноска служыць з 2012 года.

Ксёндз Андрэй Зноска. Крыніца: catholic.by

У Гродне прыбралі памятны знак паўстанцам Каліноўскага

З будынка гродзенскага чыгуначнага вакзала знiк памятный знак паўстанцам 1863 года. Замест яго з’явілася дошка, прысвечная савецкім падпольшчыкам часоў Другой сусветнай вайны.

«Са снежня 1941 года па ліпень 1944 года на станцыі Гродна дзейнічалі падпольныя групы пад кіраўніцтвам чыгуначнікаў Багатырова М.М., Святлічнага Г.І., Панасюка С.П.», — напісана на новай шыльдзе.

Новая шыльда на месцы памятнага знака паўстанцам Каліноўскага. Фота: Telegram «Hrodna 11:27»

Ксяндза з Навагрудка аштрафавалі за рэпост 2016 года

Ксяндза Юрыя з Наваградка 17 ліпеня аштрафавалі ў судзе Навагрудскага раёна паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць».

Ксёндз Юрый Жагарын. Фота: Telegram-праўладны канал
Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024