На Аўгустоўскім канале прыпынілі шлюзаванне. Некалькі дзён там падае ўзровень вады. Беларускія прапагандысцкія крыніцы абвінавачваюць у абмяленні трансгранічнай воднай сістэмы Польшчу. Польшча ж бачыць праблему ў халатнасці супрацоўнікаў на беларускім баку прымежнага шлюза Кужынец і ў кепскай камунікацыі.
Вада ў канал перастала паступаць з боку польскай часткі Аўгустоўскага канала, паведамілі на «Гродно Плюс».
Пры гэтым прапагандысцкі канал «Гродненские сливы», блізкі да сілавікоў, вінаваціць у абмяленні канала менавіта палякаў. Па іх версіі, паступленне вады па канале перакрылі вышэй за цячэнне ад беларускай часткі - у раёне гідравузла Кужынец на тэрыторыі Польшчы. Па цэнтральнай лініі шлюза якраз праходзіць мяжа паміж дзвюма краінамі. Прапагандысты звяртаюць увагу, што пад пагрозай аказалася экасістэма канала і біяразнастайнасць Аўгустоўскай пушчы. Для пушчы канал з’яўляецца асноўнай воднай артэрыяй. Па звестках «Сливов», шлюзаванне на беларускай частцы канала прыпынілі да 27 ліпеня.
Палякі: ваду зліў Лукашэнка
Жыхары вёскі Рудаўка, размешчанай у Польшчы на Аўгустоўскім канале блізу беларускай мяжы, турбуюцца за сваю бяспеку. Яны лічаць, што ваду з канала спецыяльна зліў беларускі рэжым — каб мігрантам было лягчэй незаконна перасякаць мяжу, піша таблоід Fakt.pl. Адзін з жыхароў упэўнены, што на тэрыторыі Беларусі ёсць люк, праз які зліваюць ваду. Некалькі жыхароў непакояцца, бо мігранты лёгка змогуць пераходзіць канал уброд. Іншыя жыхары, наадварот, спакойныя, бо іх ахоўваюць вайскоўцы, а мігранты, якія прыязджаюць туды, мірныя. Часам яны просяць ежы і пітва, але нікому не прычыняюць шкоды.
Праблема ў шлюзе на мяжы
Страта вады сапраўды адбылася паміж шлюзам Кужынец на польскім баку і шлюзам Ваўкушак на беларускім баку мяжы, распавёў адзін з супрацоўнікаў Wód Polskich выданню.
Узровень вады над шлюзам Кужынец зараз прыкладна на 1 метр ніжэй за мінімальны ўзровень, устаноўлены для гэтага аб’екта, удакладніў у афіцыйным адказе для Fakt.pl прадстаўнік Міністэрства інфраструктуры Польшчы Шымон Гуптысь.
Такая сітуацыя абумоўлена шэрагам фактараў, у тым ліку засухай у басейне ракі Чорная Ганча з вясны і неналежным кіраваннем воднымі рэсурсамі на шлюзе Кужынец з боку Беларусси, удакладніў прадстаўнік ведамства. З-за дзеянняў беларусаў засаўкі на шлюзе былі заблакаваныя назапашанымі галінкамі, якія плаваюць па цячэнні. У Міністэрстве інфраструктуры падкрэсліваюць, што з-за геаграфічнага становішча палякі і беларусы кіруюць шлюзам Кужынец напалову, а гэта значыць, што без добрага ўзаемадзеяння паміж службамі шлюз на канале не ачысціць.
Як будуць ратаваць канал?
У чэрвені 2023 года вадазборнае ўпраўленне ў Аўгустове паспрабавала прыбраць завал экскаватарам, распавёў Шымон Гуптысь. Але дастаць усё драўнянае смецце, якое назапасілася перад верхняй брамай, не атрымалася з-за абмежаванага працоўнага дыяпазону машыны. У апошні час беларусы сталі больш ахвотна супрацоўнічаць, таму неўзабаве сітуацыя павінна нармалізавацца, прызнае прадстаўнік міністэрства.
У аўторак, 18 ліпеня, сумесна з беларускім бокам уваход у шлюз змаглі канчаткова расчысціць. Пасля ачысткі ў верхніх засаўках быў абмежаваны непрадуктыўны адток вады. Дзякуючы гэтаму ўзровень вады ў Аўгустоўскім канале на ўчастку ад Кужынца да Кудрынкі павінен паступова падняцца, дадаў Шымон Гуптысь.
Пагрозы экасістэме няма
— На Аўгустоўскім канале з’явілася шмат арганізацый і ІП, якія аказваюць паслугі па сплаве на байдарках. Па Аўгустоўскім канале, з Аўгустоўскага канала ў Нёман. Адпаведна кожная такая працэдура шлюзавання прыводзіць да таго, што адбываецца скід вады з Аўгустоўскага канала ў Нёман. У сувязі з умовамі надвор’я,
знізіўся паток вады з боку Рэспублікі Польшча. І гэты паток вады не дазваляе нівеліраваць той аб’ём вады, які мы скідаем за кошт шлюзавання, — распавёў «Гродна Плюс» Павел Коханаў, начальнік аддзела прадпрыемства «Гроднамеліявадгас».
У «Гроднамеліявадгас» падкрэслілі, што ніякай пагрозы экасістэме няма. Сумесная работа польскага і беларускага бакоў, а таксама закрытыя шлюзы змогуць дапамагчы акумуляваць ваду і павысіць яе ўзровень да неабходнага.
Чытайце таксама: Палац у Свяцку плануюць адкрыць у 2023 годзе. Што яшчэ хочуць зрабіць да 200-годдзя Аўгустоўскага канала?