З будынка гродзенскага чыгуначнага вакзала знiк памятный знак паўстанцам 1863 года. Замест яго з’явілася дошка, прысвечная савецкім падпольшчыкам часоў Другой сусветнай вайны.
«Са снежня 1941 года па ліпень 1944 года на станцыі Гродна дзейнічалі падпольныя групы пад кіраўніцтвам чыгуначнікаў Багатырова М.М., Святлічнага Г.І., Панасюка С.П.», — напісана на новай шыльдзе.
Да замены шыльды магла быць датычная праўладная актывістка з Гродна Вольга Бондарава, піша канал Hrodna 11:27.
Знікламу памятнаму знаку — 30 гадоў
Памятны знак з дуба, прысвечны паўстанцам 1863 года, быў усталяваны на чыгуначным вакзале 30 гадоў таму. Яго аўтар — гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў.
Тады планавалася ўсталяваць яшчэ адну дошку, на Савецкай, 7. Для яе нават ужо быў створаны эскіз. Другую шыльду мусілі прысвяціць менавіта Кастусю Каліноўскаму. Яна затрымалася на этапе ўзгаднення ў аблвыканкаме і не была ўсталяваная. «Праект быў недарагі, рабілі ўсё з дуба, бо на ліццё ў гарвыканкама на той час не было сродкаў. Эскіз гэтай шыльды ў мяне захаваўся дагэтуль і калі горад захоча, то я гатовы яго рэалізаваць», — казаў аўтар шыльды яшчэ ў 2017 годзе.
Памятны знак на вакзале быў усталяваны згодна з рашэннем Выканкама гродзенскага гарадскога савета народных дэпутатаў № 284 ад 28 чэрвеня 1993 года. Каб замяніць дошкі, улады мусілі адмяніць рашэнне выканкама, узгодненае Саўмінам, зазначыў Аляксандр Мілінкевіч. У час, калі ў Гродне ўсталёўвалі памятны знак паўстанцам, ён быў намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама.
Выраб і размяшчэнне мемарыяльных шыльдаў сёння магчыма толькі згодна з дзейным заканадаўствам. Гэта значыць, мусіць быць заказчык-мецэнат і вызначаная крыніца фінансавання. Дакументы 1993 года былі ўзгодненыя тады, калі яшчэ не дзейнічала сённяшняе заканадаўства па ўстаноўцы мемарыяльных дошак. Але сёння, як і тады, усе дакументы па шыльдах і помніках павінны праходзіць праз Міністэрства культуры.
«Час не падманеш»
«Яшчэ нікому не ўдавалася падмануць час і павярнуць яго назад. У Гародню вернуцца мемарыяльныя дошкі выбітным людзям беларускай гісторыі. Будзе і помнік Кастусю Каліноўскаму, як было вырашана на пачатку 90-х. Рэванш не пройдзе», — перакананы зараз Аляксандр Мілінкевіч.
Для ўспрымання гісторыі наступнымі пакаленнямі важны гарадскія шыльды і назвы, але асвета і інтэрнэт важнейшыя, мяркуе палітык.
Знак быў прысвечаны бою на гэтым месцы
Памятны знак на вакзале ўсталявалі ў памяць пра бой паміж царскім войскам і паўстанцкім атрадам, які адбыўся на гэтым месцы. Атрад паўстанцаў павінен быў выехаць з Гродна ў кірунку Парэчча. У 1863 годзе паўстанцы мелі вялікія спадзяванні на чыгунку. Яе хацелі выкарыстаць для хуткага перакідвання атрадаў. Чыгуначнікі выступілі на баку паўстанцаў. Самі яны былі французскімі падданымі, але многія былі ўдзельнікамі паўстання 1830−1831 гадоў або іх дзецьмі.
Чытайце таксама: Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі - універсальны беларускі герой
Увечары 14 сакавіка 1863 года каля вакзала сабралася сотня гродзенцаў, якія хацелі далучыцца да паўстання. Яны спрабавалі захапіць цягнік і з’ехаць у Парэчча, а потым агульнымі сіламі захапіць Гродна. Але ў мітусні са станцыі рушыў толькі лакаматыў. Дзясяткі ўзброеных гродзенцаў засталіся ў вагонах, якія былі адчэпленыя і нікуды не рушылі.
Пасля няўдалага ўгону цягніка арыштавалі 73 чалавекі. 17 верасня Міхаіл Мураўёў падпісаў канфірмацыю, згодна з якой 25 гродзенцаў за інцыдэнт 14 сакавіка выслалі ў Сібір. Да Парэчча дабралося ўсяго 7−8 чалавек на чале з кіраўніком станцыі Гродна Кульчыцкім. Той паспеў з сабою прыхапіць 10 000 рублёў з касы чыгункі. Чытайце поўную гісторыю гэтых падзей.
Гэта адзінае паўстанцкае месца, дзе ўсталявалі памятную шыльду.
Чытайце таксама: Стала дакладна вядома, хто і калі дэмантаваў помнік паўстанцам 1863 года на чыгуначным вакзале ў Гродне