У Гродне ўжо працуюць два новыя інтэлектуальныя квізы. Яшчэ адзін рыхтуецца да запуску. Hrodna.life даведаўся, што гэта за гульні, дзе іх праводзяць і колькі каштуе згуляць.
Квіз «Хоп-хэй лалалэй»
«Хоп-хэй лалалэй» — музычны квіз, які праводяць у караоке-гастрапабе «Месца» на вуліцы Будзёнага, 48. Першая гульня адбылася 14 чэрвеня 2023 года. Цана ўдзелу ў квізе — 8 рублёў з гульца.
«Наш квіз — гэта забаўляльная, музычная, драйвовая віктарына, якая задаволіць густ любога меламана», — напісалі арганізатары ў суполцы ў «ВКонтакте».
Квіз «Смузи»
Першую гульню квіза «Смузи» ў Гродне правялі 11 ліпеня 2023 года. Месца правядзення гульняў - той жа караоке-гастрапаб «Месца» на Будзёнага, 48. Цана ўдзелу ў квізе — 8 рублёў з гульца.
Тэматыка гульняў - фільмы, серыялы, мультсерыялы і музыка. Кожны квіз прысвечаны канкрэтнаму фільму альбо серыялу. Паводле арганізатараў, квіз «Смузи» — гэта кактэйль з інтэлектуальных гульняў, які пашырае далягляд, робіць розум гнуткім, вастрэйшым, а кола сяброў шырэйшым".
Гродна — не першы горад у Беларусі, куды прыйшоў «Смузи». Франшызу стварылі ў Маскве ў 2018 годзе. Зараз гульні праводзяць у 10 расійскіх гарадах, двух казахстанскіх, а таксама ў беларускіх Гомелі, Мінску і Полацку/Наваполацку.
Хутка з’явіцца «Матрошка Квіз»
Таксама ў Гродне запусцяць новую барную гульню-віктарыну — «Матрошка Квіз». Там будуць пытанні на логіку, эрудыцыю, веданне кіно, гульняў і музыкі. Арганізатары абяцаюць «не ўзрываць мозг складанымі пытаннямі».
Чытайце таксама: У Гродне запускаюць новы квіз «Матрошка». Абяцаюць лайтовую гульню