Мастака пахаваюць у яго роднай вёсцы Бобр 13 ліпеня. Ад раніцы ў гэты дзень труна стаіць у двары і людзі прыходзяць развітацца з Алесем Пушкіным. Паніхіда пройдзе, а 12.30 у мясцовай царкве. Пахаванне пачнецца, а 13.30.
«Родныя ды сябры плачуць, гледзячы на худы твар мастака. Не такім я яго памятаю з суда, два гады таму, — піша ў Facebook Сергий Мельянец, які прыехаў на пахаванне з Мінску. — Жонка, са слязамі на вачах, кажа аб тым, якім сонечным чалавекам ён быў. Нарадзіўся летам… Яго капялюш разам з ім».
Чытайце таксама: Намаляваў Лукашэнку ў пекле, збіраўся распісваць Стары замак. Чым вядомы мастак і палітвязень Алесь Пушкін, які загінуў у Гродне
Пасмяротна Алеся Пушкіна ўзнагародзілі медалём «Гонар і Годнасць». Гэтай ўзнагародай Аб’яднаны пераходны кабінет адзначае асоб, якія праявілі «выключную адданасць у служэнні Беларусі».
У пастанове, падпісанай Святланай Ціханоўскай сказана:
«Узнагародзіць…выбітнага беларускага патрыёта з выразнай грамадзянскай пазіцыяй аб незалежнай дэмакратычнай Беларусі, чалавека няскоранага духу, які ўсё сваё жыццё аддаў Радзіме і беларускай мове, палітычнага вязня, які страціў жыццё, будучы закладнікам рэжыму падчас зняволення ў турме, „пры нявысветленых абставінах“, незаконна асуджанага па ілжывым абвінавачванні за партрэт дзеяча антысавецкага падполля часоў Другой сусветнай вайны».
Праўладны саюз мастакоў выключыў Пушкіна са сваіх шэрагаў за некалькі тыдняў да яго гібелі.
Здымкі з пахавання Алеся з’явіліся ў сацыяльных сетках.
Алесь Пушкін памёр на 58-м годзе жыцця ў рэанімацыі Бальніцы хуткай дапамогі ў Гродне 11 ліпеня, «пры нявысветленых абставінах». Пазней стала вядома, што ў яго была прабадная язва, і ў турме яму не аказалі дапамогу.
Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 года, пасля выставы ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Гродне. Асудзілі мастака на пяць гадоў калоніі. Апошнія месяцы пакарання ён адбываў у Гродзенскай турме.
У Алеся Пушкіна засталіся чацвёра дзяцей.