У справе двух палітзняволеных разглядаюць два эпізоды за 2022 год – ад 23 лютага і ад 30 сакавіка. Нібыта ў гэтыя дні Юлія распавяла ў тэлефоннай размове Паўлу пра свае звальненне з адвакатуры і пра прысуд Алесю Пушкіну.  Пракурор спрабуе даказаць, што менавіта Павел размясціў гэтую інфармацыю на старонцы Белсата, які быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем – у нявызначаны час, нявызначаным спосабам, праз нявызначаных асоб. Падрабязнасці распавяла ў Facebook жонка Паўла Мажэйкі Ірына Чарняўка

Павел і Юлія адразу цалкам адмовілі віну. Яны не давалі паказанняў у следстве. Юлію Юргілевіч возяць на суд з карцара і ў судзе яна заявіла, што яе трымаюць у “скоцкіх умовах”, а таксама, што ей не далі азнаеміцца з крымінальнай справай.

Размовы, якіх не было

Сярод доказаў абвінавачання – запісы тэлефонных размоваў. Аднак білінг тэлефонаў паказвае, што ў 23 лютага  і 30 сакавіка 2022 тэлефанаванняў між Юліяй і Паўлам не было. Тэлефонны нумар, на які нібыта званіла Юлія ў дні здзяйснення “злачынства”, належыць Ірыне Чарняўцы. Таму ў пратаколах праслухоўвання яна фігуруе як субяседніца Юліі. 

Таксама сярод доказаў – раздрукоўкі артыкулаў з сайта Белсата. Ні намеру на “размяшчэнне”, ні факту перадачы інфармацыі для публікацыі, ні спосабу публікацыі,  ні датычных да гэтага асобаў следствам не выяўлена.

У судзе глядзелі серыял

Гадзіну суд аглядаў дыск з любімым серыялам Юлінай маці, забраны пры ператрусе. Яшчэ гадзіну слухалі запіс адвакацкай прамовы Юліі падчас працэсу Андрэя Аўсіевіча.  

Праслухоўвалі запісы побытавых размоваў бацькі Паўла, а таксама матэрыялы невядомага  праслухоўвання, у якіх “можна было разабраць толькі кшталту “Іра, паслухай” і “іду ў садок”…”, расказала Ірына. 

Выгналі наведвальнікаў

На другі дзень працэса суддзя выгнаў з залы дзвюх жанчын за тое, што яны засмяяліся. “Першая засмяяліся, калі Юлія спытала, ці суд сур’езна збіраецца глядзець серыял у паседжанні. Другая, маці Аўсіевіча, засмяялася падчас праслухоўвання абарончай прамовы Юліі ў судзе сына. Там была фраза, што “менты” – гэта ўжо распаўсюджанае абывацельскае слова”, – расказала Ірына.

Чытайце таксама: