Галоўны корпус Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта мадэрнізуюць, каб усталяваць у ім пад’ёмнік для людзей з інваліднасцю. Зараз такія студэнты не могуць падняцца вышэй за першы паверх, і тое са складанасцямі.

Пад’ёмнік усталююць толькі з першага да трэцяга паверха пяціпавярховага корпуса. Закупку заўважыў канал Urban Hrodna.

На перападах узроўню падлогі ў корпусе зробяць пандусы. Пасля ўладкавання пад’ёмніка на шляхах эвакуацыі пашыраць дзвярныя праёмы і заменяць двярныя блокі. Паміж лесвічнай клеткай і калідорам з першага па трэці паверх зробяць перагародку.

Скарыстацца платформай адначасова змогуць да трох чалавек, агульнай вагой не больш за 385 кг. Зможа праехаць і суправаджальны чалавека з у вазку.

Памер платформы — 1,1×1,4 м, яе вага — не больш за 75 кг. Максімальная хуткасць руху — 0,15 м/с.

пад'ёмнік
Так выглядае пад’ёмнік БК 110. Крыніца: подъемники-для-инвалидов.рф

Прадугледзелі і меры бяспекі: двухбаковую связь з дыспетчарам, аўтаматычны аварыйны спуск, асвятленне шахты і сігналізацыя пры адсутнасці электрычнасці.

Для ўніверсітэту абралі мадэль БК, А 110 (INVA A4), якія робяць у Бранску, або яе аналаг. Праект распрацавала мінская арганізацыя «Праектбуд».

На сам пад’ёмнік, яго дастаўку, усталёўку і наладку плануюць выдаткаваць 175 тыс. рублёў. Грошы возьмуць з бюджэту. Усталяваць пад’ёмнік плануюць з 22 жніўня да 22 верасня.

Каб трапіць на заняткі, трэба прыязджаць за гадзіну

Раней даступнасць галоўнага корпуса ГрДУ правярала актывістка безбар’ернага руху Ганна Яшына. Пандус там сканструяваны зігзагам. Да існуючых стандартаў не хапіла 20 см — карыстацца ім цяжка.

«Трэба было б прыязджаць сюды за гадзіну, каб паспець на заняткі своечасова!», — адзначыў тады адзін з актывістаў. І цяпер чалавек у вазку не можа самастойна падняцца вышэй за першы паверх універсітэта, бо ліфтаў няма.