Як мінімум пяць затрыманняў адбылося ў Гродзенскай вобласці на тыдні. Грамадзян Літвы дапытваюць на памежных пунктах, прымушаюць да супрацоўніцтва з беларускімі спецслужбамі шляхам шантажу і псіхалагічнага ціску. Двух палітвязняў змясцілі ў ШІЗА. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 26 чэрвеня па 2 ліпеня.
Затрыманні ў Гродне
- Мужчына на камеру пасля затрымання паведаміў, што абразіў супрацоўнікаў праваахоўных органаў і іншых дзяржструктур. Каментары ён пакідаў пад пастамі ў Telegram-каналах. Ён напісаў больш за 400 каментароў, з іх 70% - з абразамі. Яму пагражае тэрмін за абразу прадстаўнікоў улады. Твар мужчына на відэа заблюрылі.
- У Гродне затрымалі супрацоўніка РУП «Фармацыя». Ён напісаў у Telegram-чатах каля 400 паведамленняў. Некаторыя з іх утрымлівалі негатыўную ацэнку супрацоўнікаў міліцыі, Аляксандра Лукашэнкі і іншых службовых асоб.
- 1 ліпеня ў Гродне затрымалі Алісу Дольнікаву. Пакуль невядома, дзе яна знаходзіцца і што паслужыла прычынай затрымання дзяўчыны, паведамляе «Вясна».
- У чарговы раз затрымалі былога палітвязня Рамуальда Улана — у траўні ён выйшаў на волю па амністыі. Папярэдне вядома, што яго будуць трымаць у ІЧУ да панядзелка. У чым абвінавачваюць Рамуальда — пакуль невядома, паведамляе «Вясна».
За «абразу вайскоўца» 2 гады калоніі прызначылі жыхару Пружанаў, які адбываў «хімію»
У судзе Лідскага раёна 19 чэрвеня за «абразу вайскоўца» да двух гадоў калоніі і 100 базавых штрафаў асудзілі 29-гадовага жыхара Пружанаў Сяргея Кемежа, які адбываў тэрмін на «хіміі». Яго судзілі паводле артыкула 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады». Такі прысуд вынес Ігар Кашко на прапанову пракурора Мікіты Мысліўца, паведамляе «Вясна».
Паводле версіі абвінавачвання, у снежні 2021 года Сяргей Кемеж «пасля чытання інфармацыі, якая публікуецца ў дэструктыўных групах сацыяльнай сеткі „Вконтакте“, размясціў у дачыненні да камандзіра адной з вайсковых частак абразлівы каментар». Сцвярджаецца, што ён быў зарэгістраваны пад несапраўдным імя і выкарыстоўваў VPN, але яго ўсё роўна ідэнтыфікавалі.
Жыхара Пружанаў Сяргея Кемежа ўжо судзілі ў верасні 2021 за тое, што ён напісаў Вконтакте абразлівы каментар пра міліцыянта. Яму прызначылі два гады «хіміі». Таксама Сяргея абвінавацілі ў вымагальніцтве з жонкі былога аднагрупніка — за гэта таксама прысудзілі 2 гады «хіміі». Сумарна мужчыну асудзілі да 2 гадоў 6 месяцаў «хіміі».
У верасні 2022 года Сяргея ўключылі ў «спіс экстрэмістаў».
У прысудзе пазначана, што сілавікі некалькі разоў рабілі скрыншоты старонкі з каментаром. Спачатку там было пазначана імя карыстальніка (мяркуючы па ўсім). Далей акаунт быў выдалены. Пасля гэтага беларускія сілавікі «з мэтай высвятлення асобы карыстальніка накіравалі запыт у РФ аб аказанні прававой дапамогі, а менавіта прадастаўленні звестак аб IP-адрасах, якія выкарыстоўваюцца асобамі, якія размясцілі каментары». З Расіі адказалі: прадаставілі IP-адрас і нумар тэлефона. Нумар тэлефона быў на беларускую сімку. А гэтая SIM-карта апынулася зарэгістраваная на імя Сяргея Кемежа, паведамляе «Берасцейская Вясна».
На беларускай мяжы дапытваюць грамадзян Літвы
Грамадзян Літвы дапытваюць на памежных пунктах, прымушаюць да супрацоўніцтва з беларускімі спецслужбамі шляхам шантажу і псіхалагічнага ціску, заявіў Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы. У літоўцаў правяраюць камп’ютары, мабільныя тэлефоны і знойдзеныя на іх кантакты, акаўнты ў сацыяльных сетках, фатаграфіі.
Падчас апытанняў беларускія чыноўнікі збіраюць інфармацыю аб палітычных поглядах і месцах працы грамадзян Літвы, спрабуюць высветліць стасункі з памежнікамі, праваахоўнымі органамі і выведкай.
Вядома пра выпадкі, калі грамадзянам Літвы забаранялі ўезд у Беларусь пасля таго, як выяўлялася, што яны падтрымліваюць Украіну і асуджаюць расійскую агрэсію. Улады Літвы раяць устрымацца ад паездак у Беларусь.
Гродзенец «здзекаваўся» з дзяржсцяга — яго затрымалі і змясцілі пад варту
Ноччу 25 чэрвеня з будынка аднаго з інтэрнатаў у Гродне 23-гадовы хлопец, будучы п’яным, сарваў дзяржаўны сцяг Беларусі і выкінуў яго. Ён трапіў на відэакамеру.
Супрацоўнікі міліцыі яго затрымалі. Хлопец нідзе не вучыцца і не працуе, раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Яму выставілі абвінавачванне паводле арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў».
Фельчар з Ліды Алег Краўцоў выйшаў на волю
Як паведамілі калегі Алега, фельчар выйшаў на волю яшчэ ў пачатку чэрвеня, цалкам адбыўшы тэрмін. Але так як Алег быў унесены ў спіс экстрэмістаў, то цяпер будзе знаходзіцца пад наглядам, паведамляюць «Белые Халаты. News».
Алега Краўцова абвінавацілі па «рэйкавай справе» — ён нібыта абмотваў дротам рэйкі на чыгунцы, каб заблакаваць рух цягнікоў.
Яшчэ ў зняволенні фельчар пісаў: «Сёння ў турмах знаходзіцца немалая колькасць добрых людзей. Некаторыя ламаюцца ў такіх умовах. Вельмі важна іх знайсці і не губляць. Даць ім зразумець, што яны не адны».
Бондарава ініцыявала зварот супраць урокаў палавога выхавання
Аб укараненні ў адукацыйны працэс абавязковага курсу на тэму палавога выхавання дзяцей і моладзі 19 чэрвеня паведаміла Генпракуратура — у кантэксце барацьбы з педафіліяй.
«Наступствы шматгадовага выкладання гэтага курсу ў школах Захаду апынуліся сапраўды катастрафічнымі. Яны, як вядома, такія: разбэшчванне дзяцей і моладзі, зніжэнне сярэдняга ўзросту пры ўступленні ў палавыя адносіны, імпатэнцыя, росквіт і ўзаконьванне аднаполага кахання, інцэст, падзенне нараджальнасці», — напісала Вольга Бондарава.
На яе думку, палавое выхаванне дзяцей чужое беларусам і ўступіць у канфлікт з рэлігіяй і веравызнаннем. Казаць жа трэба не пра бяспечны сэкс, а аб «маральнасці, сакральнасці зараджэння новага жыцця».
Не дапусціць правядзення такіх урокаў яна просіць у Адміністрацыі Прэзідэнта і епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Палітвязень Андрэй Сачэўка правядзе 20 сутак у ШІЗА
Палітвязень з Гродна Андрэй Сачэўка з 19 чэрвеня быў змешчаны ў штрафны ізалятар на 10 сутак. 29 чэрвеня яму накінулі яшчэ 10 дзён ШІЗА, паведамляе MAYDAY TEAM.
У бабруйскай ВК-2 у атрад Сачэўкі прыйшоў супрацоўнік калоніі Навічыхін і проста заявіў, што трое чалавек, уключаючы палітвязня, накіроўваюцца ў ШІЗА, сцвярджаюць актывісты.
Андрэй Сачыўка быў асуджаны нібыта за «заклікі да беспарадкаў» (арт.293 КК) і «распальванне сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК) на шэсць гадоў калоніі.
Асуджаны па «справе Аўтуховіча» Уладзімір Гундар сем дзён правёў у ШІЗА бабруйскай калоніі
З 9 чэрвеня асуджаны па «справе Аўтуховіча» Уладзімір Гундар сем дзён правёў у ШІЗА бабруйскай калоніі, паведамілі «Медыязоне» яго знаёмыя.
Блізкія асуджанага распавялі, што 7 чэрвеня Гундара адправілі на «этап». 8 чэрвеня ноччу яго прывезлі ў бабруйскую калонію. 9 чэрвеня Гундар быў змешчаны на «каранцін» на два тыдні. Знаёмыя асуджанага кажуць, што першы раз яго змясцілі ў ШІЗА 14 чэрвеня на чацвёра сутак. Другі раз мужчыну адправілі ў ШІЗА ў дваццатых чыслах на трое сутак.
Знаёмыя Гундара лічаць, што мужчыну змяшчаюць у ШІЗА за тое, што ён адмаўляецца падпісваць якіясьці дакументы. Тым самым «рыхтуюць глебу» для новай крымінальнай справы за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі (артыкул 411 КК).
Старшыня Дзяржпагранкамітэта Канстанцін Моластаў стаў генерал-маёрам
Лукашэнка ўручыў яму пагоны генерал-маёра 27 чэрвеня. Раней Моластаў быў начальнікам Гродзенскай памежнай групы.
Акрамя гэтага, класны чын дзяржаўнага саветніка юстыцыі 3-га класа атрымаў пракурор Гродзенскай вобласці Аляксандр Жукаў.
Ігумення Гаўрыіла патрапіла ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці
Імя настаяцельніцы жаночага манастыра ў Гродне ігуменні Гаўрыілы занеслі ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці. Афіцыйна пра гэта паведамяць 3 ліпеня ў Дзень незалежнасці.
«Я нічога на свой адрас не прымаю, любое добрае слова з боку ўлады, гараджан, прыхаджан, дзяцей, манахаў і манахінь, я гэта прымаю, як для царквы. Калі добра робім — царкве прыносім станоўчы момант. Калі дрэнна — царкве гэта, на жаль, не вельмі прыемна. Таму калі наша дзяржаўная ўлада лічыць, што тыя ці іншыя ігуменні, архірэі, святары і проста вернікі заслугоўваюць свецкіх узнагарод, свецкіх ушанаванняў, то гэта ўсё адносіцца не да нас асабіста, а да святой нашай царквы», — сказала ігумення Гаўрыіла.
У Ваўкавыскім раёне застрэліўся супрацоўнік міліцыі
У ноч з серады на чацвер 28 чэрвеня ў дзіцячым аздараўленчым лагеры Рось Ваўкавыскага раёна застрэліўся супрацоўнік міліцыі. Ён нёс там дзяжурства. Яму быў 21 год.
ПВК «Вагнер» плануе пабудаваць лагер падрыхтоўкі ў Гродзенскай вобласці
Пра гэта паведаміў блізкі да сілавікоў гродзенскі Telegram-канал. Паводле яго слоў, байцы ПВК «Вагнер» заявілі, што частка з іх плануе застацца на Гродзеншчыне. Цяпер яны падбіраюць прыдатную пляцоўку для свайго лагера, але пытанне прынцыпова вырашана.
Ліквідуюць аб’яднанне «Смаргонь Франтавая»
Грамадскае аб’яднанне «Смаргонь Франтавая» ліквідуюць праз Гродзенскі абласны суд 4 ліпеня. Арганізацыя займалася рэканструкцыяй гісторыі Першай сусветнай вайны. Заснаваў яе бізнэсмэн з Расіі Ігар Паўлаў.
Ужо ліквідаваныя за апошнія паўгода:
- Грамадскае аб’яднанне «Мотаклуб Насарог» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі з 12 траўня 2023 года;
- Гродзенскае грамадскае аб’яднанне шматдзетных бацькоў і сірот — з 12 траўня 2023 года;
- Спартыўнае грамадскае аб’яднанне «Футбол для ўсіх» — з 15 траўня 2023 года;
- Грамадскае аб’яднанне «Валейбольны клуб «АКВА» — з 17 траўня 2023 года;
- Раённае грамадскае аб’яднанне «Ашмянская цыганская абшчына» — з 26 траўня 2023 года;
- Грамадскае аб’яднанне «Іўеўская федэрацыя баявых мастацтваў» — з 5 чэрвеня 2023 года.
У Гродне затрыманы спартыўны дырэктар ФК «Нёман» Дзмітрый Кавалёнак
Экс-гульца ФК «Нёман» і яго спартыўнага дырэктара Дзмітрыя Кавалёнка затрымаў гродзенскі АМАП. Сілавікі сцвярджаюць, што ён удзельнічаў у незаконных маршах і распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы. Мужчына ў відэа паведаміў, што яго затрымалі за падпіскі на экстрэмісцкія сацсеткі.
У бліжэйшы час Дзмітрыя Кавалёнка звольняць з «Нёмана». Пра гэта паведамляе «Трибуна». Раней стала вядома, што спартыўны дырэктар выйшаў на волю дзякуючы званкам галоўнага трэнера «Нёмана» Ігара Кавалевіча.
У Гродне судзяць уладальніка этнакрамы «Цудоўня»
У судзе Ленінскага раёна Гродна судзяць Несцяровіча Андрэя Валер’евіча. Яго дадзеныя супадаюць з дадзенымі ўладальніка этнамагазіну «Цудоўня». Мужчыну судзяць паводле арт. 295 ч.2 КК «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Мужчыне пагражае ад папраўчых работ да сямі гадоў калоніі.