Аддзяленне небанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі «ОптыКурс» на вуліцы Ажэшкі, 14 перастала працаваць 26 чэрвеня 2023 года. Абслугоўваць кліентаў перасталі ў сувязі з закрыццём цэнтра банкаўскіх паслуг ў Гродне. Ён цалкам спыніў працу з 30 чэрвеня.
Што гэта наогул за банк быў?
Аддзяленне «ОптыКурс» размяшчалася насупраць будынка Гродзенскага аблвыканкама. Да ліпеня 2022 у гэтым памяшканні працавала аддзяленне «Абсалютбанка».
У жніўні 2021 года «Абсалютбанк» патрапіў пад санкцыі ЗША і Канады, бо належаў Мікалаю Вераб’ю, якога называлі адным з «гаманцоў» Лукашэнкі і які раней ужо быў пад санкцыямі ЗША і Еўрасаюза. Верагодна, з гэтым і была звязана змена назвы і юрыдычнага статусу з банка на небанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю.
Праз гэтыя змены былы «Абсалютбанк» страціў магчымасць адкрываць рахункі і дэпазіты для фізасобаў, выдаваць банкаўскія карткі і займацца некаторымі іншымі дзеяннямі, тыповымі для банкаў.
Чым быў адметны «Абсалютбанк», а потым «ОптыКурс»
Раней у аддзяленні банка можна было зняць наяўныя грошы з картак еўрапейскіх банкаў без камісіі. Таксама гэтае аддзяленне было папулярным у гродзенцаў, бо там прапаноўвалі выгадныя курсы абмена валюты. Ледзь не кожны дзень праз гэта ў банку былі чэргі, якія часам выходзілі нават на вуліцу. Фірма нават увяла паслугу браніравання чаргі анлайн.
«ОптыКурс» — усё?
Арганізацыя, верагодна, перажывае крызіс або рыхтуецца да закрыцця ці чарговай змены статусу. За апошнія тры месяцы адбыліся чатыры пазачарговыя сходы акцыянераў. Цэнтр банкаўскіх паслуг «ОптыКурс» у Брэсце таксама закрываецца 30 чэрвеня, а касы ў ім, як і Гродне, закрыліся на некалькі дзён раней. Цягам 26−28 чэрвеня закрыліся офісы і касы ў Мінску. У траўні закрыўся цэнтр банкаўскіх паслуг у Гомелі. Паводле афіцыйнага сайта, «ОптыКурс» зараз працуе толькі галоўнае аддзяленне ў Мінску. Але і там ужо нельга абмяняць замежную валюту — толькі сплачваць раней узяты ў арганізацыі крэдыт.
Абноўлена. 24 ліпеня 2023 года адбудзецца сход акцыянераў кампаніі «ОптыКурс». Адно з пытанняў абмеркавання — ліквідацыя кампаніі і сканчэнне банкаўскай дзейнасці. Плануецца, што падчас сходу прызначаць ліквідатара кампаніі.
З 5 ліпеня 2023 года «ОптыКурс» паведаміў, што пагашэнне крэдытаў будзе магчыма пра АРІП, аддзяленні «Белпошты», а таксама безняўныя плацяжы праз іншыя банкі.
Чытайце таксама: Банкі ўводзяць новыя абмежаванні: нельга зняць грошы з замежных картак (абноўлена)