Імя настаяцельніцы жаночага манастыра ў Гродне ігуменні Гаўрыілы занеслі ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці. Афіцыйна пра гэта паведамяць 3 ліпеня ў Дзень незалежнасці, паведаміў тэлеканал «Гродна Плюс».

гаўрыіла
Ігумення Гаўрыіла. Крыніца: belta.by

«Я нічога на свой адрас не прымаю, любое добрае слова з боку ўлады, гараджан, прыхаджан, дзяцей, манахаў і манахінь, я гэта прымаю, як для царквы. Калі добра робім — царкве прыносім станоўчы момант. Калі дрэнна — царкве гэта, на жаль, не вельмі прыемна. Таму калі наша дзяржаўная ўлада лічыць, што тыя ці іншыя ігуменні, архірэі, святары і проста вернікі заслугоўваюць свецкіх узнагарод, свецкіх ушанаванняў, то гэта ўсё адносіцца не да нас асабіста, а да святой нашай царквы», — сказала ігумення Гаўрыіла.

«Малітва — самы лепшы Wi-Fi»

Ігумення кажа, што спаведуе дзве галоўныя жыццёвыя каштоўнасці - духоўнае выхаванне моладзі і ўзмацненне інстытута традыцыйнай сям'і.

«Самая лепшая зброя — гэта малітва, нязмушаная малітва. Устаць на малітву і прасіць Госпада, а малітва — гэта самы лепшы вай-фай, які даходзіць да Госпада. Найлепшы. Рукі паднялі і гаворым — Госпадзе, не пакінь, Маці Божая Абарані. І Гасподзь чуе. Але трэба верыць у гэта і трэба старанна прасіць Госпада».

Раней Гаўрыіла атрымала найвышэйшую ўзнагароду РПЦ

У кастрычніку 2022 года патрыярх Рускай праваслаўнай царквы Кірыл узнагародзіў ігуменню Гаўрыілу ордэнам Святой раўнаапостальнай княгіні Вольгі І ступені. Гаўрыіла — першая і адзіная ў Беларусі жанчына, што атрымала гэты ордэн. У снежні 2020 года Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Гаўрыілу ордэнам Францыска Скарыны.

Чытайце таксама: Ігумення Гаўрыіла хоча забіраць у манастыр дзяцей, чыіх бацькоў пазбавілі правоў