Грамадскае аб’яднанне «Смаргонь Франтавая» ліквідуюць праз Гродзенскі абласны суд 4 ліпеня. Арганізацыя займалася рэканструкцыяй гісторыі Першай сусветнай вайны. Заснаваў яе бізнэсмэн з Расіі Ігар Паўлаў.
Ісцец — інспекцыя Міністэрства падаткаў і збораў Смаргонскага раёна. Адказчыкам па справе выступае Аксана Паўлава, мяркуючы па сацсетках — жонка Ігара. Суддзя — Юрый Карэцкі.
Аднаўленнем ваеннай гісторыі Ігар Паўлаў займаўся з 2010 года. У планах было стварыць у Смаргоні музей пад адкрытым небам з агнявых кропак, назіральных каўпакоў, штабоў. Цэнтрам яе павінна была стаць Залатая горка ў Смаргоні, якую раней ператварылі ў сметнік. Яе разабралі, усталявалі крыжы і аднавілі мінную галерэю. Таксама аднавілі траншэі, у якіх былі салдаты рускай імператарскай арміі. Ініцыявалі ўстаноўку шэрагу помнікаў.
«Залатая горка» — месца падрыву нямецкай батарэі. Яна размяшчалася на вышыні 72,9 метра. Рускія салдаты не маглі яе ўзяць, таму вырашылі зрабіць падкоп і падарваць.
Акрамя гэтага, «Смаргонь Франтавая» праводзіла гістарычныя фестывалі і рэканструкцыі, малебны. Таксама змагаліся з выпадкамі вандалізму і чорнага капальніцтва. Сярод пастоў у суполцы ў Facebook — спроба дыскрэдытацыі пратэстоўцаў.
Ігар Паўлаў нарадзіўся і вырас ён у Расіі і доўгі час жыў у Самары. Яго прадзед удзельнічаў у абароне беларускага горада. Так яму прыйшла ў галаву ідэя стварыць невялікую групу энтузіястаў, якія рэканструююць гісторыю Першай сусветнай вайны, паведамляе Sputnik.by. Спроба краўдфандынгу не ўдалася — Паўлаў рабіў гэта на свае грошы. З 2021 года яго старонка не абнаўляецца.
Арганізацыя ўжо ліквідаваная?
Па дадзеных Адзінага дзяржаўнага рэестра, аб’яднанне знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі з 2019 года — па рашэнні ўласніка.