Пра гэта паведаміў блізкі да сілавікоў гродзенскі Telegram-канал. Паводле яго слоў, байцы ПВК “Вагнер” заявілі, што частка з іх плануе застацца на Гродзеншчыне. Цяпер яны падбіраюць прыдатную пляцоўку для свайго лагера, але пытанне прынцыпова вырашана.

З улікам “важнасці накіравання” ў вобласці будуць прысутнічаць найбольш загартаваныя ў баях падраздзяленні ПВК.

Раней 26 чэрвеня Пуцін заявіў, што байцы ПВК Вагнер «змогуць сысці ў Беларусь». Таксама “Зеркало” высветліла, што некаторыя найміты паедуць у Магілёўскую вобласць.

Еўропа ўзмацняе мяжу

Літва заклікае NATO ўзмацніць мяжу з нашай краінай. Гітанас Наўседа ў нядзелю склікаў пасяджэнне Савета Бяспекі. Ён адрэагаваў на тое, што Лукашэнка паклікаў да сябе кіраўніка ПВК “Вагнер” Яўгена Прыгожына, піша “Еўрарадыё”.

Польшча таксама заяўляе пра ўзмацненне мяжы з Беларуссю праз Прыгожына. Пад асаблівай увагай цяпер і мяжа з Калінінградскай вобласцю Расіі. “Лукашэнка і Пуцін могуць дзейнічаць вельмі дзіўна, таму гэтыя падзеі ўсё яшчэ прадмет вывучэння і аналізу, якія праводзяцца намі і хаўруснікамі ў NATO”, — сказаў прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі.

Што адбылося?

24 чэрвеня кіраўнік ПВК “Вагнер” Яўген Прыгожын паспрабаваў зладзіць узброены мяцеж і зрушыць ваеннае кіраўніцтва краіны. Міратворцам выступіў Аляксандр Лукашэнка, які правёў перамовы з Прыгожыным. У выніку крымінальную справу ў дачыненні Прыгожына спынілі і паведамілі, што ён «сыдзе ў Беларусію».

Чытайце таксама: Як павінна скончыцца вайна ва Украіне і якім будзе свет пасля? Даследчыкі спыталі ў жыхароў 15 краін

UPD 28 чэрвеня. Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю.

– Мы пакуль ніякіх лагераў не будуем. Але калі яны захочуць (я так разумею, яны глядзяць асобныя тэрыторыі), мы іх размесцім. Стаўце палаткі, калі ласка. Але пакуль яны знаходзяцца ў Луганску ў сваіх лагерах. І як мне сказаў учора тэлефанаваў Прыгожын, хтосьці кантракт з Мінабароны з Шайгу падпіша. Але, кажа, самае галоўнае, мае хлопцы ўжо па паўгода, па годзе не былі дома. І мне было важна з Пуціным дамовіцца, каб ён іх не чапаў. Ён паабяцаў, выконвае сваё абяцанне. Яны хочуць паехаць у сем’і. Ну дзеля бога, – сказаў Лукашэнка БЕЛТА.

– Мы ім прапанавалі адну з закінутых частак. Калі ласка – плот ёсць, усё ёсць. Стаўце палаткі. Чым можам, дапаможам. Пакуль вызначацца, чым ім займацца.