Чатыры новыя сеткавыя брэнды грамадскага харчавання з’явіліся ў Беларусі: «ЛепімСамі», «Ежа&Кава», TASTY, «Гастралаўка». Пра гэта расказаў часопісу «Эканоміка Беларусі» старшыня праўлення Белкаапсаюза Алег Мацкевіч.
Што вядома пра гэтыя брэнды
«ЛепімСамі» — кафэ, у якім прапануюць пельмені, варэнікі, бліны, смажанкі і піцы. У Беларусі ўжо працуюць 11 такіх кафэ.
«Ежа&Кава» — кафэ з не менш чым 12 відамі кавы, а таксама дэсертамі і стравамі беларускай кухні. У Беларусі ўжо працуюць 43 такіх кафэ.
TASTY — праект, які арганізавалі ў 2020 годзе, каб ахапіць «моладзевы асартымент»: гамбургеры, чызбургеры, бульбу фры. Таксама ў меню ёсць варыянты беларускай кухні ў сучасным выкананні - дранбургеры і бульбяная піца. Такіх установаў зараз восем.
«Гастралаўка» — рэбрэндынг вядомых з савецкіх часоў крамаў «Кулінарыя» з абедзенай зонай і пякарняй, дзе можна назіраць, як гатуюць выпечку. Пілотны праект арганізавалі ў Чэрвені (Мінская вобласць). Агулам у Мінскай вобласці зараз чатыры «Гастралаўкі».
Усе гэтыя ўстановы належаць дзяржаўнай сетцы Белкаапсаюз, найбольш вядомай сваімі крамамі «Родны кут».
Колькі такіх кафэ адкрыюць у 2023 годзе
У 2023 годзе кааператары плануюць адкрыць адзін «ЛепімСамі», чатыры «Ежа&Кава», а таксама тры TASTY і 21 «Гастралаўку». Ці плануюць гэты напрамак развіваць у Гродне і Гродзенскай вобласці, пакуль невядома.
Чытайце таксама: