Фінал міжнароднага конкурсу прыгажосці прайшоў у Каліфорніі і завяршыўся шоу ў ноч з 24 на 25 чэрвеня. На ім Глумакова прадстаўляла не толькі Беларусь, але і ўсю Еўропу. Аб сваёй перамозе Лана расказала ў Instagram.
На момант аб’яўлення вынікаў у Каліфорніі было за поўнач, у Беларусі - ужо апоўдні наступнага дня.
Mrs Globe — міжнародны конкурс прыгажосці для замужніх дзяўчат. Праводзіцца штогод з 1996 года. У ім перамагалі бізнес-лэдзі, мадэлі, хатнія гаспадыні, жанчыны з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і вядучыя дабрачынную дзейнасць.
Лана Глумакова — заснавальніца рэкламнага агенцтва «На ўра» і спа-салона «Honey Day», а таксама сузаснавальніца дабрачыннага праекта «Хвалі дабрыні». Ёй 41, яна замужам, у яе двое сыноў. У кастрычніку 2022 Лана Глумакова перамагла на Mrs Europe Globe і так атрымала права прадстаўляць Еўропу на фінале ў ЗША. У 2018 годзе была фіналісткай конкурсу Mrs Belarus World.
Лана — не першая гродзенка, якая ўдзельнічае і перамагае ў падобных міжнародных конкурсах. Святлана Скок прадстаўляла ў 2018 годзе Беларусь на «Місіс Сусвет — 2018», а ў 2019 трапіла на фінал «Mrs. Globe» у Кітаі. Святлана Кузняцова перамагла ў конкурсе «Mrs Globe» у 2017. А ў 1998 годзе яна стала першай Міс Беларусь.
Чытайце таксама: «Тытул прыцягне ўвагу да праблем». Гродзенка прадставіць Беларусь на конкурсе прыгажосці для замужніх жанчын