Дзяніс Івашын з 19 чэрвеня 2023 года знаходзіцца ў турме № 8 Жодзіна. Інфармацыю паведамілі ў лісце на імя яго мамы Людмілы Івашынай-Добінай. Дакумент размясціла жонка палітвязня Вольга Івашына.
Ліст прыйшоў ад начальніка спецаддзела ўстановы маёра ўнутранай службы Царкоўнага. У лісце на імя маці няправільна пазначылі імя па бацьку Дзяніса. Яго назвалі «Сяргеевічам», а не «Яўгенавічам».
«Безь якіх-кольвек паведамленьняў Дзяніса, пэўна што без бессэнсоўнай фармальнасьці ў выглядзе „суда“ (іначай як можна патлумачыць тое, што ніхто з нас пра тое ня ведаў ды й як у „судзе“, калі ён быў, абысьціся без дэкарацыі ў выглядзе адваката), перавялі ў… жодзінскую турму, узмацніўшы неправамернае „пакараньне“ строгім рэжымам», — написала Ольга.
А ў чым розніца?
На строгім рэжыме ў палітвязня яшчэ менш магчымасцяў. Цяпер Івашын можа:
- штомесяц расходаваць на набыццё ў шапіку турмы прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці грашовыя сродкі ў памеры адной базавай велічыні;
- мець адно кароткатэрміновае спатканне ў год;
- атрымліваць адну бандэроль (дробны пакет) на працягу года;
- атрымліваць грашовыя пераводы на яго імя і лісты без абмежавання.
Але і гэта не дакладна
Пры гэтым ніводнага ліста з турмы ад Дзяніса блізкім не прыйшло. 40 дзён сваякі не атрымлівалі ад яго ніякай інфармацыі - не было лістоў і званкоў. Яны меркавалі, што палітвязень трапіў у медсанчастку або памяшканне камернага тыпу. За пяць месяцаў калоніі яму не змаглі перадаць ніводнай перадачы з трох дазволеных у год.
Таксама Вольга мае некалькі пацверджанняў таго, што ў ПК-15 Магілёва Дзяніса збівалі, сцвярджае жонка палітвязня.
Пераслед журналіста
Дзяніс Івашын — гродзенскі журналіст-даследчык, палітвязень. Яго асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у 150 базавых велічынь (4800 рублёў) па ч.1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» і ч. 1 арт. 179 КК «Незаконныя збіранне альбо распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці». Адбываў пакаранне ў ПК-15 Магілёва, дзе яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. Яго сваякам паступалі пагрозы. 25 кніг палітвязня знішчылі.